У Брэсце асудзілі дэсантніка, які ў "самаволцы" абрабаваў краму

У Брэсце асудзілі солдата тэрміновай службы С., які ўцёк у студзені з вайсковай часці і напаў на прадавачку адной з крамаў горада. 

Як піша газета "СБ — Беларусь сегодня", за пяць дзён да свайго дня нараджэння, 17 студзеня, 20-гадовы яфрэйтар, які служыў у 38-й асобнай мабільнай брыгадзе, заступіў у нарад днявальным і атрымаў штык-нож. Каля 11-й гадзіны вечара ён уцёк з часці і схаваўся на недалёкай будоўлі. Свае ўцёкі C., які адслужыў у войску паўгода, патлумачыў тым, што ў гэты дзень яго збіў калега і такім чынам салдат хацеў прыцягнуць увагу камандзіраў да нестатутных узаемаадносінаў ў часці. Аднак сістэматычных здзекаў следчыя не выявілі. А на судзе сам салдат казаў, што яго ніхто пастаянна не збіваў, з калегамі ён быў у добрых адносінах.

Пасля ўцёкаў салдат купіў сабе ежу і цыгарэты. А праз дзень грошы скончыліся. Таму ў краме ён набраў прадуктаў на 320 тысяч рублёў, а потым напаў на прадавачку і стаў біць штык-нажом у грудзі, шыю, галаву. Акрамя таго хлопец збіваў жанчыну рукамі і нагамі. Намеснік старшыні Брэсцкага абласнога суда Мікалай Сіз кажа, што эксперты выявілі шматлікія колата-рэзаныя раны, пераломы, сінякі. Пацярпелай удалося выбегчы з крамы. Пазней ёй давялося выдаткаваць каля 8 мільёнаў на лячэнне.

У той жа вечар салдата затрымала міліцыя. На судзе дэсантнік так і не змог растлумачыць, чаму ён з такой жорсткасцю напаў на жанчыну. Яго абвінавацілі ў самавольнай адлучцы, замаху на забойства, спалучаным з разбоем, і разбоі з прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Суд прызначыў яму 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Фота — xn--29-jlc9a.xn--p1ai

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі