Вы тут

У Беларусі збіраюцца зніжаць ананімнасць у інфармацыйнай прасторы

pixabay.com

У Беларусі збіраюцца зніжаць ананімнасць у інфармацыйнай прасторы. Гэта анансуецца ў апублікаванай на сайце кіраўніка дзяржавы Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі РБ. У яе варыянце, які 12 сакавіка апынуўся ў інтэрнэце, такіх слоў не было. У главе "Бяспека масавай інфармацыі" гаворка ідзе пра "грамадскі кантроль за распаўсюдам у інфармацыйнай прасторы незаконнай і непраўдзівай інфармацыі".

"Не дапускаецца распаўсюд інфармацыі, накіраванай на прапаганду вайны, экстрэмiсцкай дзейнасцi або той, што змяшчае заклікі да такой дзейнасці, спажывання наркатычных сродкаў і ім падобных рэчываў, парнаграфіі, гвалту і жорсткасці, іншай інфармацыі, забароненай заканадаўствам, — адзначаецца ў Канцэпцыі.На дзяржаўным узроўні рэалізуюцца меры па перашкаджэнню распаўсюду інфармацыі, здольнай нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам, і недакладных звестак, а таксама па зніжэнні ананімнасці ў інфармацыйнай прасторы. Пры трансляцыі кантэнту не дазваляецца выкарыстанне схаваных тэхналагічных прыёмаў, якія ўздзейнічаюць на падсвядомасць людзей або аказваюць шкодны ўплыў на іх здароўе".

У главе "Інфармацыйнае забеспячэнне і суправаджэнне дзяржаўнай палітыкі" ўздымаецца пытанне канкурэнтаздольнасці дзяржаўных СМІ, якая набывае "асаблівае значэнне". Адзначаецца, што дзяржава аказвае прававую падтрымку "айчынным СМІ" (тут няма падзелу на дзяржаўныя і недзяржаўныя), якая накіраваная на фармаванне "дадатковых магчымасцяў развіцця, у тым ліку праз заканадаўчае рэгламентаванне аб'ёму і якасці замежнага вяшчання ў Рэспубліцы Беларусь".

 У главе "Абарона дзяржаўнай і службовай тайны" інфармуецца пра ўвядзенне адказнасці "за парушэнне прававых забарон і прадпісанняў у сферы дзяржаўных сакрэтаў".