У Беларусі забойцу ўпершыню вынеслі другі пажыццёвы тэрмін

У Беларусі забойцу ўпершыню вынеслі другі пажыццёвы тэрмін

Мінскі гарадскі суд 13 студзеня вынес другі пажыццёвы прысуд 48-гадоваму мужчыну, піша TUT.by. Сяргея Дзёўкша прызналі вінаватым у замаху на забойства міліцыянта.

За замах на забойства міліцыянта мужчыну прысудзілі 23 гады пазбаўлення волі. Але з улікам ранейшага пакарання Дзёўкша быў асуджаны на пажыццёвае зняволенне. Для яго гэта другі пажыццёвы тэрмін. 

Увосень 2001 года міліцэйскі патруль на праспекце Незалежнасці каля стадыёна політэхнічнага каледжа падчас праверкі дакументаў сутыкнуўся з мужчынам, які раней ужо здзяйсняў злачынствы. Па версіі следства, Сяргей Дзёўкш, каб пазбегнуць затрымання, тройчы стрэліў у міліцыянта. Не дабіў ён праваахоўніка толькі таму, што той пачаў адстрэльвацца з табельнай зброі.

Падазраваны ўцёк за мяжу, адшукалі яго ў Польшчы. Да цяперашняга суда Дзёўкш паспеў атрымаць прысуды па іншых справах, у тым ліку за забойства міліцыянта. За тыя злачынствы яму пагражаў расстрэл. Аднак выратавала мужчыну тое, што ён быў затрыманы ў Польшчы. А Беларусь па дамове з ёй абавязалася не караць смерцю экстрадаваных з гэтай краіны.

На судзе па замаху пацярпелы міліцыянт Уладзімір Баслык не апазнаў абвінавачанага. Па яго словах, у момант здарэння было вельмі цёмна, да таго ж прайшло ўжо 18 гадоў. 

Дарэчы, на судзе Дзёўкш быў у аранжавай робе — гэтую форму носяць асуджаныя на пажыццёвае зняволенне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі