У Беларусі могуць пачаць крымінальную справу па выкраданні ўкраінца Грыба

У Беларусі могуць пачаць крымінальную справу па выкраданні ўкраінца Грыба

У Беларусі могуць пачаць крымінальную справу па заяве бацькі ўкраінца Паўла Грыба, які знік у Гомелі. Гэтае рашэнне будзе прымацца пасля правядзення праверкі, паведаміў на брыфінгу 7 верасня прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзмітрый Мірончык.

"Першасная праверка, праведзеная па запыце ўкраінскай дыпмісіі ў Мінску праваахоўнымі органамі Беларусі, не выявіла якіх-небудзь дадатковых звестак па гэтым пытанні. Разам з тым, улічваючы грамадскі рэзананс ва Украіне і зварот амбасады, гэтая тэма знаходзіцца на асаблівым кантролі", — перадае tut.by яго словы. 

Мірончык паведаміў, што бацька зніклага ўкраінца падаў заяву ў беларускія кампетэнтныя органы. Па гэтай заяве вядзецца праверка. Якой-небудзь дадатковай інфармацыі ад праваахоўных органаў Украіны МЗС Беларусі не атрымліваў, дадаў дыпламат.

Пра знікненне 19-гадовага ўкраінца стала вядома 28 жніўня. Хлопец перапісваўся ў сацсетках з дзяўчынай з Расіі і паехаў на сустрэчу з ёй у Гомель. Дадому Павел Грыб не вярнуўся, і яго бацька паспрабаваў даведацца месцазнаходжанне сына. У Гомелі яму неафіцыйна паведамілі, што хлопца затрымалі супрацоўнікі расійскай ФСБ, бо ён знаходзіцца ў вышуку па падазрэнні ў датычнасці да тэракту. У каментары журналістам дзяўчына прызналася, што дзейнічала з ініцыятывы ФСБ.

Чарнігаўская пракуратура Украіны 29 жніўня пачала крымінальную справу па факце знікнення Паўла Грыба. 

У Памежным камітэце Беларусі пацвердзілі, што ўкраінец перасякаў дзяржаўную мяжу нашай краіны. 

Паводле неафіцыйнай інфармацыі СМІ, Грыб можа знаходзіцца ў СІЗА Краснадарскага края Расіі. 

На мінулым тыдні сям'я ўкраінца звярнулася ў Еўрапейскі суд па правах чалавека. У іх заяве гаворыцца, што Беларусь, на тэрыторыі якой знік Павел Грыб, згодна з міжнародным правам нясе адказнасць за гэты выпадак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі