Гісторыя Паўла Грыба: Каму выгадна выкраданне ўкраінца ў Беларусі расійскай ФСБ

Гісторыя Паўла Грыба: Каму выгадна выкраданне ўкраінца ў Беларусі расійскай ФСБ

Зніклы ўкраінец Павел Грыб сапраўды прыехаў у Беларусь. 24 жніўня ён паспяхова перасёк украінска-беларускую мяжу ў пункце пропуску “Новая Гута”. Гэтую інфармацыю пацвердзіў Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі. Па словах кіраўніка прэс-службы Памежнага камітэта Антона Бычкоўскага, ніякіх падстаў не прапускаць 19-гадовага ўкраінца ў Беларусь у памежнікаў не было.

Антон Бычкоўскі: У момант перасячэння дзяржаўнай мяжы пытанняў у памежнай службы да яго (Паўла Грыба ― Еўрарадыё) не ўзнікла. Ні па лініі вышуку, ні па нейкіх іншых пытаннях. І таму ён быў у вызначаным парадку прапушчаны на тэрыторыю Беларусі”.

Нагадаем, Павел Грыб 24 жніўня паехаў у Гомель на сустрэчу з дзяўчынай з Расіі. І не вярнуўся. Таццяна, жыхарка Сочы, распавяла Еўрарадыё, што вызвала Паўла на сустрэчу ў Беларусь па патрабаванні ФСБ ― хлопец нібыта аб’яўлены УФСБ Расіі па Краснадарскім краі і горадзе Сочы ў міжнародны вышук па абвінавачванні ў тэрарызме. Па словах дзяўчыны, з Паўлам яны сустрэліся ў Гомелі, але пасля хлопец знік. Бацька Паўла, Ігар Грыб абвінавачвае ФСБ ў выкраданні сына з тэрыторыі Беларусі. Але афіцыйнага пацверджання гэтаму няма. Па неафіцыйнай інфармацыі Еўрарадыё, 19-гадовы грамадзян Украіны знаходзіцца ў СІЗА краснадарскага ФСБ. Але чаму для гэтай аперацыі спецслужб, калі яна сапраўды была, выбралі гэтага мала каму вядомага хлопца, які з-за стану здароўя не мог служыць у войску і ні ў якіх баявых дзеяннях удзелу не браў? З якой мэтай?

Кіраўніка Фонда “Украінская палітыка” Канстанціна Бандарэнку такі выбар здзіўляе.

Канстанцін Бандарэнка: “Ні ён, ні яго бацька не з’яўляюцца нейкімі звышвыбітнымі асобамі, да якіх павінна быць прыцягнутая ўвага праваахоўных органаў Расіі. Няма ніякага лагічнага тлумачэння і канчатковай мэты такога выкрадання. Калі толькі сям’я выкрадзенага мае дачыненне да спецслужбаў ці валодае нейкімі таямніцамі, якія цікавяць расійскі бок”.

Хлопец сапраўды мала каму быў вядомы, але менавіта ён — найлепшая кандыдатура для спецаперацыі ФСБ, упэўнены эксперт украінскага Інстытута Бадучага Ігар Тышкевіч.

Ігар Тышкевіч: “Каб паўплываць на ўнутрыўкраінскую палітыку трэба было абраць чалавека, які максімальна выкліча эмоцыі ў грамадства. Мы маем хлопца, актыўнага ў сацыяльных сетках, прычым, на ўзроўні не ўзважаных каментарыяў, а на ўзроўні “здрада-перамога”. Ён сын вайсковага капелана. Гэта азначае, што яго бацька ў сабе спалучае самыя аўтарытэтныя ва Украіне структуры ― армію і царкву. Далей, хлопец мае праблемы са здароўем, што выклікае спачуванне. І апошняе ― гісторыя кахання, дзе з аднаго боку ёсць патрыёт Украіны, а з другога ― дзяўчынка з Сочы, шараговая расіянка”.

Ігар Тышкеівіч упэўнены, раскручваючы гэтую гісторыю, яе ініцыятары хочуць дамагчыся дыпламатычнага скандалу паміж Кіевам і Мінскам, спарадзіць паміж імі недавер. Што магчыма, нягледзячы на разуменне ў Кіеве як таго, што паміж Беларуссю і Расіяй няма мяжы, і пры жаданні некага вывезці з Гомеля праблем амаль няма, так і таго, што Беларусь і Расія ― у саюзнай дзяржаве.

Ігар Тышкевіч: “Гэтая медыйная хваля прымушае дзейнічаць украінскі Урад. Ужо прадстаўнік МЗС Украіны заявіла, што яны будуць разглядаць магчымасць паставіць дадатковыя ўмовы на шляху ўваходжання Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Разлік менавіта на гэта: праз істэрыю ў СМІ і грамадстве выклікаць пэўную рэакцыю ўкраінскіх уладаў”.

У тое, што з-за сітуацыі з Паўлам Грыбам стасункі паміж нашымі краінамі сапсуюцца, Канстанцін Бандарэнка не верыць.

Канстанцін Бандарэнка: “Думаю, пакуль усё абмяжуецца нотамі ― не будзе разрыву дыпламатычных адносінаў ці нечага падобнага. Калі выкраданне мае месца, то прэтэнзіі з боку Украіны будуць не да Беларусі, а да Расіі”.

Які можа быць працяг гісторыі Паўла Грыба? Калі хлопец “усплыве” ў ФСБ у Краснадары, то з яго пачнуць ляпіць новую Надзею Саўчанку, лічыць Ігар Тышкевіч.

“Будзе разыгрывацца некалькі сюжэтны ліній. Першая: пра любоў украінскага і расійскага народа на падставе гэтай “лаўсторы”. Я ўпэўнены, што гэтая сочынская дзяўчына Таня даможацца і спаткання з гэтым хлопцам, і ў жывым эфіры пакажуць першы пацалунак за кратамі. Гэта цудоўнае рэаліці-шоу, якое будзе выбіваць слязу па абодва бакі мяжы. А далей гэтая Таня будзе ўведзеная ва ўкраінскую медыя-прастору, будзе актыўна каментаваць падзеі вакол Паўла Грыба, а з цягам часу ― і вайну, і адносіны паміж дзяржавамі. Другое, ва Украіне пачнецца ўплыў на знешнюю палітыку праз унутрыпалітычныя разборкі. Не сумняваюся, што некалькі партый узнімуць лозунг “Свабоду Паўлу Грыбу!”, што можа прывесці да палітычнага крызісу ва Украіне”.

Адначасова эксперт раіць сачыць за працягам скандалу вакол Паўла Грыба ў Беларусі. Тышкевіч не выключае, што вынікам могуць стаць кадравыя перастаноўкі ў сілавых структурах Беларусі. А магчыма, і пагаршэнне адносінаў з Расіяй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі