Вы тут

Расіянка, якая вызвала ўкраінца ў Беларусь: Павел ведаў пра пагрозу з боку ФСБ

Фота: vesti.ru

19-гадовага грамадзяніна Украіны Паўла Грыба 24 жніўня з тэрыторыі Беларусі выкралі супрацоўнікі ФСБ. З такой заявай 28 жніўня выступіў бацька зніклага хлопца Ігар Грыб. Паводле яго слоў, Павел паехаў у Гомель на сустрэчу з дзяўчынай з Расіі і знік. А ў гомельскай міліцыі Ігару Грыбу сказалі, што яго сын знаходзіцца ў спісах ФСБ ― хлопца вінавацяць у тэрарызме.

Але ці сапраўды Павел даехаў да Гомеля і ці мелі намер супрацоўнікі ФСБ затрымаць яго ў Беларусі? Падрабязнасці — у эксклюзіўным інтэрв’ю з Таццянай, на сустрэчу з якой Павел і паехаў у Гомель.

Еўрарадыё: Вы сапраўды перапісваліся ў сацсетках з Паўлам Грыбам і дамаўляліся з ім на сустрэчу ў Гомелі?

Таццяна: Так, мы з ім даўно перапісваліся і на гэтую сустрэчу дамаўляліся, але, можна сказаць, не па ўласнай волі. Нам давялося яе арганізаваць… Мяне прымушалі яе арганізаваць, і ён быў не супраць сустрэцца. Думаю, ён разумеў, што гэта можа быць пасткай, каб яго схапіць у Беларусі і адтуль вывезці ў Расію.

Еўрарадыё: Як атрымалася, што менавіта вы патрапілі пад увагу ФСБ?

Таццяна: Мы з Паўлам даўно перапісваліся і абмяркоўвалі такія тэмы, як украінскі нацыяналізм, пра палітыку размаўлялі і пра розныя іншыя рэчы, пра якія на тэрыторыі РФ лепш не гаварыць. Мяркую, з пачатку нашай такой перапіскі за мной і пачалі сачыць спецслужбы.

Еўрарадыё: Вы выказваліся на гэтыя тэмы ў адкрытым абмеркаванні?

Таццяна: У асабістай перапісцы. Але, на самой справе, усе даўно ўжо ведаюць, што ФСБ чытае асабістыя перапіскі. Хоць мы і перайшлі з перапіскі “ВКонтакте” ў “Скайп”.

Еўрарадыё: І як адбылося ваша першае знаёмства з расійскімі спецслужбамі?

Таццяна: Яны прыйшлі да мяне дадому ў 6 гадзін раніцы і правялі вобшук. Пасля мне паабяцалі, што справу закрыюць і мне дадуць аформіць дакументы ― на іх стаіць забарона на афармленне для выезду. Я даўно хацела выехаць з РФ ва Украіну. Мне паставілі ўмову: яны дазволяць мне выезд і здымуць забарону на афармленне дакументаў, калі я паеду на гэтую сустрэчу з Паўлам. Яны сказалі, што сустрэча можа адбыцца дзе заўгодна ў Беларусі. Спачатку казалі, што лепш гэта быў бы Мінск, але потым сказалі, што мы самі можам выбраць месца. Гэта Паша выбраў Гомель. Спачатку мы меркавалі сустрэцца на мяжы ― так было б больш бяспечна. Не ведаю, чаму ён выбраў Гомель.

Павел Грыб, фота са старонкі ў Фэйсбуку Ігара Грыба

Еўрарадыё: Вы не спрабавалі даць Паўлу зразумець, што гэтая паездка можа для яго сумна скончыцца?

Таццяна: Ён сам пра гэта здагадваўся, казаў пра такую небяспеку, але ўсё адно на гэта пагадзіўся. Ён ведаў, што ў мяне быў вобшук, што мяне затрымлівалі і што гэтыя ўмовы мне паставілі “яны”.

Еўрарадыё: Самі вы не маглі яму адмовіць у сустрэчы?

Таццяна: Я не магла адмовіцца. Але я некалькі разоў прапаноўвала яму не ехаць. Але ён сказаў, што ўсё адно паедзе. Я таксама паехала, і мы з ім там сустрэліся. Мы сустракаліся на алеі каля праспекта Перамогі. Увогуле, у Гомелі мы былі не больш за гадзіну. Можа, нават хвілін 30.

Еўрарадыё: Яго пры вас затрымлівалі?

Таццяна: Не. Апошні раз я бачыла яго, калі ўжо сядзела ў машыне, а ён стаяў каля банка. І усё ― гэта апошні раз, калі мы бачыліся.

Еўрарадыё: Вы прыехалі ў Гомель на машыне?

Таццяна: Не, мы прыляцелі з маці на самалёце ў Мінск ― я ж непаўналетняя, і мяне б не пусцілі праз мяжу адну. З Мінска ў Гомель мы ехалі на таксі.

Еўрарадыё: Выбачайце, але самалёт з Сочы да Мінска, а потым таксі ў Гомель і назад дзеля сустрэчы на паўгадзіны ― ці не занадта дорага? Гэта ўсё на грошы бацькоў? І яны на такія траты пагадзіліся?

Таццяна: Так, гэта ўсё было за нашы асабістыя грошы. А навошта гэта трэба рабіць, маці тлумачыла не я, а ФСБ.

Еўрарадыё: Аперацыя скончылася ― ці сустракаліся вы з супрацоўнікамі ФСБ пасля ўсяго?

Таццяна: Я ўчора да іх паехала, але паразмаўляць не атрымалася. І цяпер я зноў туды паеду.

Еўрарадыё: Каб высветліць, ці выканаюць яны абяцанне, што вам давалі?

Таццяна: Яны яго ўжо не выканалі. Яны затрымалі Паўла, а гэта ўжо невыкананне!

Еўрарадыё: А, можа, не затрымалі ― вы ж дакладна не ведаеце?

Таццяна: Яго бацьку казалі, што яго сын затрыманы ФСБ.

Еўрарадыё: Я толькі што размаўляў з бацькам Паўла, і той ведае толькі, што яго сын быў у “спісах ФСБ”, а пра затрыманне ніякай дакладнай інфармацыі няма.

Таццяна: Не ведаю… Я зараз паеду туды і буду высвятляць, ці затрыманы, і дзе ён цяпер, і ці можна з ім сустрэцца…

Еўрарадыё: А навошта вам гэта трэба ― навошта нарывацца?

Таццяна: Мне ўсё адно, што са мной будзе. Для мяне галоўнае цяпер ― дапамагчы яму хоць неяк, чым магу.

Еўрарадыё: І з журналістамі не баіцеся размаўляць, расказваць, як вас завербавалі…

Таццяна: Мне пра пастаўленыя ўмовы ўсё адно дазволілі расказваць… Я не расказваю нічога з таго, што мне забаронена казаць…

Еўрарадыё: Павел не служыў у войску ― тэрарыста з яго зрабілі выключна з-за перапіскі з вамі?

Таццяна: Вось, пра гэта я не магу казаць, бо гэта і з маёй справай таксама звязана.

Еўрарадыё: Як вы сябе адчуваеце пасля ўсяго, што здарылася?

Таццяна: Калі адным словам, то вельмі дрэнна.