У Беларусі масава затрымліваюць расійскія фуры, якія ідуць з Калінінграда — СМІ

Фуры, ілюстрацыйнае фота

Фуры, ілюстрацыйнае фота / BNS

Перавозчыкі з расійскага Калінінграда заяўляюць пра масавую затрымку грузавікоў у Беларусі. Пра гэта піша расійскі рэгіянальны партал "Клопс".

Фуры праходзяць Літву, але на беларускай мяжы іх спыняюць і адпраўляюць на "экспертызу", якая расцягваецца на некалькі месяцаў. Кіроўцам пасля падачы дакументаў кажуць, што аўтамабіль "ставяць на прыкол" на нявызначаны час. Падставай называюць праверку дакументаў. Як гаворыць выданне, паперы на адзін з затрыманых грузавікоў былі выдадзеныя Калінінградскай Дзяржаўтаінспекцыяй у лютым 2026 года.

Паведамляецца, што ў Беларусі ўжо затрыманыя каля 300 машын з Калінінграда. Прычым спыняюць іх на розных памежных пераходах. Тэрміны праверкі — ад тыдня да трох-чатырох месяцаў, кажуць перавозчыкі.

Кіроўцы скардзяцца і на ўмовы, у якія іх змяшчаюць: "Цягачы ставяць у адстойнік, дзе няма ні кавярні, ні крамы".

Кампаніі, занятыя ў грузаперавозках па гэтым маршруце, скардзяцца на значныя страты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.