У Беларусь вяртаецца палітэмігрант, былы выдавец "Лукашенковской правды"

У інтэрв'ю пражскаму рускамоўнаму выданню ён жорстка крытыкуе беларускую апазіцыю, называе яе чальцоў "грантасосамі". Асабліва Пузікаў рашуча настроены ў адносінах маладафронтаўцаў, якіх ён называе "сектай" і "махлярамі", абяцае вярнуцца ў Беларусь і іх "закрыць". Яшчэ ў Чэхіі ён хоча падаць на маладафронтаўцаў заяву ў паліцыю: "Малады фронт" дзейнічае тут [у Чэхіі] як бібліятэка. А ў Беларусі яны займаюцца актыўнай палітычнай экстрэмісцкай дзейнасцю". Юрый Пузікаў спадзяецца, што "іх у Беларусі будуць судзіць".



Палітэмігрант распавядае, што ў Беларусі ён займаўся выдавецкай дзейнасцю, дапамагаў апазіцыі. Між іншым, ён друкаваў улёткі, правую газету "За волю", гумарыстычную "Лукашенковскую правду" ды яму, нібыта, пагражалі турэмным зняволеннем. Калі Пузікаў прыехаў у Чэхію і папрасіў прытулку, ён меў хадайніцтвы ад апазіцыянераў — Анатоля Лябедзькі, Алеся Міхалевіча, Мечыслава Грыба, экс-кіраўніка парламента Сямёна Шарэцкага.



Цяпер 42-гадовы Пузікаў спадзяецца, што на радзіме яго пераследаваць не будуць. Лукашэнку ён не лічыць дыктатарам. У Беларусі палітэмігрант спадзяецца падлячыцца — мае праблемы са здароўем.



Дарэчы, у Чэхіі Юрый Пузікаў шмат дзе працаваў. Быў ён і шэф-рэдактарам рускамоўнага порначасопіса.
 

Фота — prague-express.cz