Вы тут

У Баранавічах хлопец не можа выйсці з БРСМ. Разбіраемся чаму

belgazeta.by

Школьнік з Баранавіч захацеў выйсці з БРСМ, але не змог гэтага зрабіць. Хлопец прыйшоў у гарадскую арганізацыю БРСМ, каб здаць партыйны білет, але ўжо на ганку ўстановы ахоўнік сказаў, што выйсці з саюза моладзі будзе складана. У мясцовай БРСМ-ячэйцы Еўрарадыё далі тлумачэнні, але выглядаюць яны дзіўнавата.

“Хадзіў сёння ў гарвыканкам, каб выйсці з БРСМ, — напісаў жыхар Баранавіч у сваім тэлеграм-канале. — Ахоўнік адразу сказаў, што зрабіць гэта да 32 гадоў будзе складана. Прыходжу ў кабінет, там сядзяць дамы, ядуць печыва, п’юць гарбату. І тут школьнік 16 гадоў гаворыць, што хоча выйсці з БРСМ. І грымасы адразу змяніліся”.

Актывісты баранавіцкай ячэйкі БРСМ здзівіліся жаданню хлопца выйсці з арганізацыі. Там запыталіся, навошта ён сыходзіць і ці ведае, што застанецца без ільгот пры паступленні ў ВНУ.

“Я адказаў, што добра ўсё ведаю, але ўсё роўна прыняў такое рашэнне, — адказаў хлопец. — А потым аказалася, што няма старшыні. Вакансія — адкрытая. Я падумаў, што падманулі. Сапраўды, у Баранавічах адкрыта вакансія”.

Кіраўніка няма — выйсці нельга

Ці сапраўды моладзевую арганізацыю, у якую нібыта ўступаюць і з якой сыходзяць добраахвотна, нельга пакінуць па ўласным жаданні? У баранавіцкай ячэйцы БРСМ Еўрарадыё расказалі, што выйсці з саюза можна ў любы момант, але толькі не цяпер.

— У нас пакуль часова няма ні першага, ні другога сакратароў, — адказалі там. — Арганізацыю можна пакінуць па жаданні. Рэч у тым, што няма кіраўніка ў нас. Ну цяжка ў нас цяпер. Галоўны спецыяліст не можа гэта вырашыць [прымаць ці выключаць з БРСМ. — Еўрарадыё]. А так усё па жаданні чалавека.

— Звычайна калі няма кіраўніка, дык ёсць намеснік.

— Гэтае пытанне вырашаецца. У найбліжэйшы час.

— А якія патрабаванні да кандыдата? Можа, я вам падыду?

— Гэта павінен быць адказны чалавек. Падзяляць інтарэсы нашай арганізацыі. Узрост да 32 гадоў і вышэйшая адукацыя. 

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — дзяржаўная арганізацыя, якая лічыць сябе пераемніцай ленінскага камсамола. Актывісты БРСМ прапагандуюць афіцыйную дзяржаўную палітыку, падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку і праўладных кандыдатаў на парламенцкіх выбарах. Дзейнасць БРСМ часта крытыкуюць за прымусовае ўступленне ў арганізацыю. Летась мінскіх гімназістаў настаўнікі заганялі ў БРСМ, а ў выпадку адмовы пагражалі праблемамі на экзаменах. 

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.