Вы тут

У бальніцы хуткай меддапамогі ў Мінску гарэў блок падачы кіслароду

Медыцынскі кісларод / Ілюстрацыйнае фота krilyatv.ru

На тэрыторыі Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Мінску па вуліцы Кіжаватава гарэў камутацыйны блок падачы кіслароду. Як паведамляе ў Telegram прэс-служба Мінгарвыканкама, здарэнне адбылося ў чацвер каля 5-й гадзіны раніцы. Узгаранне адбылося ў асобным аднапавярховым будынку. Яго ліквідавалі ратавальнікі. Паведамляецца, што пацярпелых няма.

У выніку пажару пашкоджана запорная арматура. Пасля здарэння падача кіслароду была пераключана на рэзервовую сістэму. Супрацоўнікі МНС высвятляюць прычыну ўзгарання.

Адзначаецца, што сістэма медыцынскага газазабеспячэння ў Бальніцы хуткай меддапамогі "функцыянуе ў штатным рэжыме".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.