У бальніцу Марыю Калеснікаву прывезлі з перытанітам

Марыя Калеснікава з бацькам пасля аперацыі / Telegram

Стала вядомай прычына экстранай шпіталізацыі Марыі Калеснікавай. У бальніцу яе прывезлі з перытанітам — гэта запаленне брушыны, якое развіваецца ў выніку прабадзення язвы (утварэння скразной адтуліны ў сценцы страўніка). Падрабязнасці падае Telegram-канал Віктара Бабарыкі.

У бальніцы Марыі "зрабілі лапараскапію з невялікім разрэзам. Загойванне адбываецца нармальна, дрэнажу ўжо няма". Лекары ў медсанчастцы калоніі запэўніваюць, што Марыі робяць усе неабходныя працэдуры і аналізы. Адзінае што, есць яна пакуль мала — у калоніі няма прыдатнай ежы, адпаведнай яе дыягназу. Аднак у медсанчастцы паабяцалі скарэктаваць харчаванне.

Сябрам Марыі таксама стала вядома, што перад аперацыяй яна прасіла звязацца з бацькам, каб прыняць рашэнне аб хірургічным умяшанні. Аднак лекары настаялі: рашэнне трэба прымаць неадкладна. І Марыя дала згоду на аперацыю. Пазней яна таксама прасіла медыкаў расказаць бацьку аб яе стане і дыягназе. Аднак, нагадаем, ён працяглы час не мог атрымаць ніякай інфармацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.