У АБСЕ адрэагавалі на нядаўнія арышты беларускіх журналістаў

Прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Тэрэза Рыбейра / osce.org​
Прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Тэрэза Рыбейра / osce.org​

Прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Тэрэза Рыбейра адрэагавала на чарговыя арышты беларускіх журналістаў, перадае БелаПАН са спасылкай на паведамленне прэс-службы АБСЕ.

Яна выказала шкадаванне ў сувязі з затрыманнямі і судамі, якія прайшлі над прадстаўнікамі прэсы. Толькі ў апошнія некалькі дзён да адміністрацыйнага арышту былі прысуджаныя журналіст партала TUT.BY Любоў Каспяровіч (15 сутак), журналісты з Магілёва Аляксандр Буракоў і Уладзімір Лапцэвіч (абодва арыштаваныя на 20 сутак), фотажурналістка Таццяна Капітонава (10 сутак).

"Тое, як улады Беларусі абыходзяцца з супрацоўнікамі СМІ, па-ранейшаму выклікае сур'ёзную трывогу", — адзначыла Рыбейра. Яна заклікала беларускія ўлады спыніць пераслед журналістаў і вызваліць усіх затрыманых, а таксама выконваць абавязацельствы, якія краіна ўзяла на сябе ў рамках АБСЕ. 

Нагадаем, суд над журналісткай партала TUT.BY Любоўю Каспяровіч адбыўся напярэдадні. У ходзе пасяджэння яна заявіла, што да гэтага часу не ведае, за што затрыманая. Яна працавала каля суду, дзе ішоў працэс па "справе студэнтаў", была затрыманая і адпраўленая ў ІЧУ. З пратаколам яе так і не азнаёмілі. У судзе стала вядома, што ёй паставілі ў віну ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Суддзя Сяргей Кацар з такой трактоўкай пагадзіўся і пакараў журналістку 15 суткамі арышту.

Магілёўскія журналісты таксама былі затрыманыя ля суда, яны планавалі асвятляць працэс над Паўлам Севярынцам і актывістамі "Еўрапейскай Беларусі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі