Топ-5: навіны 10 лютага

У Маскву паехала на перамовы беларуская дэлегацыя на чале з Сямашкам

Беларуская дэлегацыя на чале з віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Сямашкам паехала на перамовы ў Маскву. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар прэм'ер-міністра Уладзіслаў Сычэвіч.

Пры гэтым, тэматыка перамоваў афіцыйна не называецца. Хутчэй за ўсё, гаворка пойдзе пра кошт на расійскі газ для Беларусі і пра беларускую запазычанасць у 550 млн долараў.

Фота: БЕЛТА

10 лютага Аляксандр Лукашэнка правёў вялікую нараду па пытаннях развіцця эканомікі. Напярэдадні нарады з'явілася неафіцыйная інфармацыя, што былы старшыня праўлення Нацбанка Пётр Пракаповіч напісаў ліст Аляксандру Лукашэнку. У ім ён заявіў, што эканоміка ўжо два гады знаходзіцца ва ўпадку і адзіным выйсцем з'яўляецца ўключэнне "грашовага станка".

Пракаповіч, дарэчы, прысутнічаў на згаданай нарадзе. На ёй жа Лукашэнка падкрэсліў, што ён не дасць друкаваць у Беларусі пустыя грошы. Кіраўнік краіны заклікаў чыноўнік шукаць іншыя варыянты эканамічнага росту.

Фота з акаўнта Шумчанкі ў Фэйсбуку

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па артыкуле “хуліганства” з-за надпісу "ЛНР сіла" на машыне Анатоля Шумчанкі. Пра гэта на сваёй старонцы у Facebook наспісаў сам пацярпелы прадпрымальнік.

Як інфармавала Еўрарадыё, невядомыя не толькі зрабілі надпіс, але і пакінулі пад дворнікамі аўтамабіля копіі долараў. Лідар аб’яднання “Перспектыва” назваў гэтую акцыю адказам на яго пазіцыю па Украіне, якую ён лічыць цэласнай і непадзельнай дзяржавай. 

14 лютага пройдзе першы суд па справе "дармаеда" супраць дзяржавы. Іск падаў гамяльчанін Аляксандр Сямёнаў. Мужчына да 2015 года доўгі час працаваў у Расіі, дзе меў свой бізнес. Потым ён вярнуўся ў Беларусь і жыў на сродкі, якія адклаў у папярэднія гады.

Пры гэтым Сямёнаў плаціў падаткі ў Беларусі. Цяпер мужчына праз суд збіраецца даказаць, што "падатак на дармаедства" незаконны.

Віталь Гуркоў будзе выступаць за Беларусь на чэмпіянаце свету па тайскім боксе. Па словах спартоўца, якога з-за палітычных перакананняў доўгі час не выклікалі ў зборную Беларусі, ніякіх умоў для вяртання ў нацыянальную каманду перад ім не ставілі.