Кабякоў распавёў пра вынікі нарады па эканоміцы ў Лукашэнкі

Кабякоў распавёў пра вынікі нарады па эканоміцы ў Лукашэнкі

Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў распавёў пра вынікі нарады па эканоміцы ў Аляксандра Лукашэнкі. Яна прайшла 10 лютага. Напярэдадні нарады з'явілася неафіцыйная інфармацыя, што былы старшыня праўлення Нацбанка Пётр Пракаповіч напісаў ліст Аляксандру Лукашэнку. У ім ён заявіў, што эканоміка ўжо два гады знаходзіцца ў стане стагнацыі і адзіным выйсцем з'яўляецца ўключэнне "грашовага станка" для ўмеранай эмісіі. Пракаповіч, дарэчы, прысутнічаў на згаданай нарадзе. На ёй Лукашэнка падкрэсліў, што "пустых грошай друкаваць не будзем".

Паводле слоў Кабякова, эмісійнае друкаванне грошай — гэта мінулы этап у гісторыі эканамічнага развіцця нашай краіны. Гэта была агульная думка прысутных. "Спрэчка была толькі ў тым, крыху хутчэй ці крыху больш марудна здзяйсняць тыя ці іншыя змены параметраў, якія характарызуюць грашова-крэдытную палітыку", — цытуе словы Андрэя Кабякова БЕЛТА.

Прэм'ер таксама паведаміў, што на нарадзе былі агучаныя даклады ўраду, Нацбанка і экспертаў. У іх адзначалася, што "тэндэнцыя па замацаванні пазіцый, звязаных з макраэканамічнай стабілізацыяй, здзяйсняецца самым рэальным чынам". "Таму была прынятая агульная пазіцыя, што па меры саспявання перадумоваў, якія будуць дазваляць праводзіць адэкватнае зніжэнне, будзе праводзіцца адпаведная грашова-крэдытная палітыка", — заявіў Андрэй Кабякоў.

Прэм'ер адзначыў, што беларускі ўрад выкарыстае ўсе магчымыя падыходы для паляпшэння эканамічнай палітыкі ў дзяржаве. На нарадзе абмеркавалі ўсе магчымыя меры эканамічнай палітыкі, спосабы па дасягненні макраэканамічнай стабілізацыі, прыцягненні інвестыцый ды дыверсіфікацыі фінансавых рынкаў. Кабякоў заявіў, што Аляксандр Лукашэнка вызначыў: апошняе слова будзе за ўрадам і Нацбанкам. Яны ж адкажуць за эканамічную палітыку, якая здзяйсняецца.

Прэм'ер-міністр мяркуе, што ёсць унутраныя і знешнія перадумовы да таго, каб 2017 год аказаўся "значна лепшым, чым 2016-ы".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі