Таццяна Караткевіч першай з кандыдатаў правяла перадвыбарчы пікет

Таццяна Караткевіч першай з кандыдатаў правяла перадвыбарчы пікет

Кандыдатка ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч сёння правяла ў цэнтры Мінска ля станцыі метро “Кастрычніцкая” свой першы агітацыйны пікет. Паколькі сёння ў сталіцы дзень горада, лозунгам акцыі быў тэматычны: “Мінску патрэбны новы мэр”.

Падчас пікета Караткевіч заявіла пра неабходнасць выбіраць кіраўнікоў беларускіх гарадоў. На яе думку, найлепшым падарункам для Мінска налета стануць выбары мэра. Кандыдатка таксама адзначыла, што ў гісторыі Беларусі ёсць добрыя прыклады працы мясцовага самакіравання і “гэтую традыцыю трэба працягваць”. Яна таксама нагадала, што ў 1499 годзе Мінск атрымаў магдэбургскае права. Караткевіч мяркуе, што выбары мэра прывядуць да таго, што ўлада пачне шанаваць людзей, людзі адчуюць, што ўлада трымае перад імі справаздачу.

Пікет праводзіўся пад бел-чырвона-белым сцягам і сцягам кампаніі “Гавары праўду”. Акцыя доўжылася каля гадзіны — з 12.00 да 13.00 і прыцягнула ўвагу мінакоў. За пікетам таксама назіралі некалькі супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, адзін з іх здымаў акцыю на відэакамеру, перадае БелаПАН.

У канцы пікета да ўдзельнікаў акцыі падышоў сябра выбарчай камісіі Цэнтральнага раёна Мінска Міхаіл Гайдучонак, прадстаўнік “Беларускага фонду міра”. Ён пацікавіўся, ці маюць актывісты каманды Караткевіч пасведчанні давераных асобаў кандыдата ў прэзідэнты і сцвярджаў, што толькі давераныя асобы могуць праводзіць агітацыйныя пікеты. У дыскусію ўступіў кіраўнік выбарчага штабу Караткевіч Андрэй Дзмітрыеў. Па яго словах, заяўку на правядзенне агітацыйных пікетаў павінны падаваць давераныя асобы кандыдата, а ўдзельнічаць могуць усе ахвочыя.

Сябра раённага выбаркама таксама зрабіў заўвагу наконт таго, што на пікеце прысутнічала незарэгістраваная сімволіка — сцяг кампаніі “Гавары праўду”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі