Сёння пачынаецца судовы працэс над блогерам Эдуардам Пальчысам

Сёння, 14 кастрычніка, у Мінскім гарадскім судзе пачынаецца працэс над блогерам Эдуардам Пальчысам, заснавальнікам і аўтарам сайта 1863x.com. Пасяджэнне пройдзе ў закрытым рэжыме, пачатак у 10.00.

Пальчыс, вядомы ў інтэрнэце пад імем “Джон Сільвер”, змяшчаў на сваім сайце матэрыялы, у якіх даваліся крытычныя ацэнкі палітыцы Расіі ў дачыненні Беларусі і Украіны. На пачатку года яго затрымалі ў Расіі і выдалі Беларусі.

Блогера абвінавачваюць у распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай  варожасці (ч.1 арт.130 КК) і ў распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў (арт.343 КК). Паводле першага артыкула яму пагражае да 5 гадоў абмежавання волі, паводле другога — да чатырох гадоў зняволення.

Праваабаронцы прызналі Эдуарда Пальчыса палітвязнем.