Сяргей Гайдукевіч зняўся з выбараў

Як высветлілася, яго мэтай было толькі сабраць 100 тысяч подпісаў, а не ўдзельнічаць "у спектаклі" (будзе дапоўнена). Нязменны ўдзельнік усіх апошніх прэзідэнцкіх выбараў, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч спыніў працу сваёй ініцыятыўнай групы. Адпаведную заяву палітык накіраваў раніцай 8 кастрычніка ў Цэнтрвыбаркам.

"Для нас было важна паказаць партыйцам, як людзі ставяцца да нашай партыі. І людзі прадэманстравалі шыкоўнае стаўленне, 100 тысяч 150 подпісаў мы сабралі за 5 дзён, — сказаў Сяргей Гайдукевіч у інтэрв'ю Еўрарадыё. — Таму мы сваёй мэты на гэтых выбарах дамагліся і не хочам далей удзельнічаць у гэтым спектаклі".

Цікава, што падчас рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Сяргей Гайдукевіч быў настроены рашуча змагацца як з Аляксандрам Лукашэнкам, так і з апазіцыяй.

"Галоўнае, каб супраць мяне з Лукашэнкам не аб’ядналіся. Ужо галасы такія ёсць, што ён за незалежнасць, – казаў тыдзень таму палітык. – Не здзіўлюся, калі яны з Лукашэнкам аб’яднаюцца супраць мяне. На 100 адсоткаў гэта будзе! Але мяне гэта задавальняе. Ну, набяруць яны па 1,5 адсоткі галасоў. І малайцы! Яны ж хочуць другі тур зладзіць. Вось няхай паміж сабой і ладзяць другі тур. Я вам не буду казаць пра адсоткі. Адзін заяўляе, што набярэ 51%. Другі заяўляе – 50, трэці – 30. Склалі разам – атрымалася 240%. Дзе насельніцтва набяруць. Я скажу так – мне абсалютна абыякавы адміністратыўны рэсурс. Я спадзяюся толькі на беларускі народ. Я не збіраюся ні з кім аб’ядноўвацца – няма з кім. Я збіраюся змагацца з дзеючым прэзідэнтам. І па поўнай праграме!"

Дарэчы, напярэдадні рэгістрацыі групы Гайдукевіч атрымаў блаславенне ў праваслаўнай царкве, а таксама асвяціў спісы ініцыятыўнай групы.

"Я праваслаўны, веруючы чалавек. Самы сапраўдны беларус, шляхта. Мой дзед атрымаў герб у 1700 годзе, Анджэй Гайдукевіч. Мяне вучылі мае продкі, што зорны час прыходзіць не тады, калі ты загадаеш, але ён прыйдзе, яго трэба чакаць. Калі ён прыйдзе, я не ведаю. Бо быў бы тады пустабрэхам".


Неўзабаве чытайце на Еўрарадыё інтэрв'ю з Сяргеем Гайдукевічам, дзе ён патлумачыць прычыны свайго рашэння.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі