Вы тут

"Сярэдняй" беларускай жанчыне амаль 43 гады, яна атрымлівае на 1/4 менш за мужа

Giulia / www.flickr.com

Да 8 сакавіка Белстат склаў партрэт "сярэдняй" беларускай жанчыны. Мы выбралі 10 небанальных фактаў. Не ўсе яны выглядаюць святочна, але што зробіш, статыстыка — штука бязлітасная.

1. Па дадзеных на пачатак 2019 года, у Беларусі 5,1 млн жанчын — 53,4% ад усяго насельніцтва краіны. Гэта і ёсць тыя самыя "дзесяць дзяўчат", якія па статыстыцы прыпадаюць на "дзевяць рабят" у вядомай савецкай песні.

2. Пра ўзрост жанчыны казаць не прынята, але пра тое, што статыстыка — штука бязлітасная, вы прачыталі на два абзаца вышэй. "Сярэдняй" жыхарцы Беларусі 42,8 года. За апошнія 8 гадоў яна "пастарэла" амаль на 10 месяцаў.

3. Дарэчы, узрост — не перашкода для пачуццяў. У 2018 годзе сыгралі вяселле больш за 900 беларускіх жанчын, старэйшых за 60 гадоў. Колькі гадоў было іх абраннікам? Статыстыка маўчыць.

4. А сярэдні ўзрост, калі беларуская жанчына ўступае ў шлюб, — 26 гадоў. Пасля гадзінічкі пачынаюць цікаць хутчэй?

5. У мінулым годзе 77,7% жанчын ва ўзросце ад 16 да 72 гадоў карысталіся інтэрнэтам. Пры гэтым 80% з іх заходзяць у інтэрнэт кожны дзень.

Shutterstock

6. Доктар і настаўнік у Беларусі застаюцца жаночымі прафесіямі. У сферы аховы здароўя больш за 85% работнікаў — жанчыны. А ў сферы адукацыі жанчын — больш за 80%.

7. У сферы дзяржаўнага кіравання жанчын не так шмат, але ўсё ж больш за палову. А ў Палаце прадстаўнікоў 37 дэпутатаў-жанчын.

8. Жанчыны ў Беларусі больш адукаваныя, чым мужчыны. Сярод працуючых жанчын 38% маюць вышэйшую адукацыю, 27% — сярэднюю спецыяльную (сярод мужчын — 27% і 18% адпаведна).

9. На вядзенне хатняй гаспадаркі жанчыны выдаткоўваюць удвая больш часу, чым мужчыны: 4 гадзіны 36 хвілін супраць 2 гадзін 17 хвілін. Але калі вы думаеце, што пры гэтым жанчыны ў два разы менш працуюць, дык вы памыляецеся. У сярэднім жанчыны марнуюць на выкананне прафесійных абавязкаў 3 гадзіны 12 хвілін, мужчыны — 4 гадзіны 38 хвілін.

10. Пры гэтым жанчыны ў Беларусі зарабляюць у сярэднім усяго 74,6% ад таго, што атрымліваюць мужчыны. Крыўдна. І сітуацыя змяняецца на карысць гендэрнай роўнасці вельмі павольна.