Вы тут

Супрацоўнікаў БелаПАНа масава выклікаюць на допыты па "справе БелТА"

Фота: tvr.by

У якасці сведкаў па "справе БелТА" на 27 верасня ў Следчы камітэт выкліканыя Дзмітрый Наважылаў і Раман Салікаў. У гэты ж дзень на допыт выклікалі падазраваную па справе Таццяну Каравянкову. 28 верасня на допыт пойдзе яшчэ адна падазраваная па справе — галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына, паведамляе прэс-служба БАЖ.

Сведкамі па справе на допытах на гэтым тыдні пабывалі таксама журналісты інфармагенцтва Сяргей Каралевіч і Аляксей Аляксандраў. На мінулым тыдні, 21 верасня, на допыт выклікалі рэдактара Андрэя Сераду.

Як паведамлялася раней, па "справе БелТА" падазраванымі праходзяць дзесяць журналістаў. Іх падазраюць у несанкцыянаваным доступе да платнай падпіскі навінавай стужкі дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Як паведамляла прэс-служба Следчага камітэта, гэтыя дзеянні прычынілі істотную шкоду і падарвалі дзелавую рэпутацыю БелТА. 

У рамках крымінальнай справы следчыя правялі ператрусы ў рэдакцыях БелаПАН і tut.by. Некаторыя журналісты і рэдактары былі затрыманыя і правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. 27 жніўня большасці з іх быў забаронены выезд з Беларусі.