Вы тут

Суддзя пакінуў адкрытым працэс над былым супрацоўнікам Следчага камітэта

Андрэй Качур / TUT.by

Суд Савецкага раёна Мінска разглядае крымінальную справу Андрэя Качура, былога намесніка начальніка аднаго з упраўленняў цэнтральнага апарата Следчага камітэта. Пракурор і абвінавачаны з адвакатам прасілі зрабіць працэс закрытым, аднак суддзя Аляксандр Воўк не пагадзіўся. Качура вінавацяць у падбухторванні да дачы хабару ў памеры 25 тысяч долараў (іх перадаў мінчук Андрэй Казачок за спыненне крымінальнай справы па факце ўхілення ад выплаты падаткаў). Сваю віну ён прызнаў цалкам, інфармуе "Радыё Свабода".

Качур страціў сваю пасаду ў лютым 2019 года, яго звольнілі з СК (інфармацыя пра яго супрацьзаконную дзейнасць паступіла ад "сумежнай установы"). У дачыненні да былога следчага распачалі крымінальную справу не толькі за падбухторванне да дачы хабару, але і за махлярства. Апошняя справа яшчэ расследуецца, таму дзяржабвінаваўца і спасылаўся на гэты факт, калі прасіў зрабіць працэс закрытым (каб захаваць таямніцу следства).

Андрэя Качура не ўзялі пад варту, ён знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд і прыходзіць у суд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.