Вы тут

Суд у Магілёве прызначыў Сяргею Ціханоўскаму яшчэ 15 сутак арышту

Сяргей Ціханоўскі падчас суда / TUT.by

У Магілёве адбыўся суд над блогерам Сяргеем Ціханоўскім. У пратаколе было пазначана, што ён 27 траўня ў Магілёве падчас збору подпісаў за вылучэнне сваёй жонкі кандыдаткай у прэзідэнты удзельнічаў у не дазволеным гарвыканкамам пікеце.

Ціханоўскі ўдзельнічаў у судзе па відэасувязі, бо яго трымаюць у СІЗА №1 Мінска. Было бачна, што блогер за час зняволення моцна схуднеў, але голас у яго быў бадзёры, піша TUT.by.

На судзе акрамя суддзі, сакратара і адваката прысутнічалі журналісты, некалькі слухачоў, супрацоўнікі міліцыі. Астатніх не пусцілі, бо памяшканне было маленькае. На просьбу перанесці слуханне ў большае памяшканне міліцыянт у судзе адказаў адмовай.

Пікет праходзіў каля ГЦ "Атрыум". Паводле пратакола, Ціханоўскі на пікеце выкарыстаў гукаўзмацняльнік. Маўляў, у гэтым і было парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. 

Ціханоўскі заявіў, што сваю віну не прызнае. Ён кажа, што яго не праінфармавалі належным чынам пра слуханні. Таксама блогер кажа пра маральны ціск на яго ў СІЗА. Па яго словах, міліцыянты правялі яго поўны догляд, прымусілі распрануцца пры шасці супрацоўніках і пры гэтым сказалі, што ў яго цяпер будзе слуханне.

На судзе выступілі два сведкі — інспектар ДПС ДАІ Арцём Родзькін і інспектар прафілактыкі Ленінскага РАУС Магілёва Аляксандр Тамашоў. Родзькін сказаў, што падчас патрулявання пабачыў натоўп, бачыў мужчыну з мегафонам, чуў, што той казаў "Стоп, таракан!". Інспектар правёў прафілактычную гутарку з кіроўцам, які парушыў ПДР і прыпаркаваўся на прыпынку. Да яго, маўляў, падышоў мужчына з мегафонам — Ціханоўскі, — умяшаўся ў размову, патрабаваў у інспектара службовае пасведчанне. Па словах Родзькна, фізічнага ўздзеяння на яго не аказвалі — "хутчэй псіхалагічнае".

Тамашоў сказаў, што бачыў натоўп людзей, сталы, за якімі збіралі подпісы, і Ціханоўскага, які нешта казаў у мікрафон на відэакамеру. На пытанне Ціханоўскага, ці не павінен быў міліцыянт спыніць парушэнне, калі яно было, Тамашоў адказаў так: ён апынуўся выпадковым сведкам, у яго былі іншыя службовыя задачы і ён бачыў там супрацоўнікаў ДАІ.

У судзе сталі праглядаць амаль дзвюхгадзіннае відэа з пікета. Падчас прагляду некалькі чалавек выкрыкнулі словы падтрымкі Ціханоўскаму і "Стоп, таракан!", пасля чаго пакінулі залу. 

У выніку суддзя выдаліла ўсіх гледачоў, акрамя двух журналістаў.

Суд прысудзіў Сяргею Ціханоўскаму 15 сутак арышту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.