Суд па "змове" Фядуты, Кастусёва і Зянковіча пачнецца 29 ліпеня

29 ліпеня ў Мінскім абласным судзе пачнецца працэс па справе аб "змове" па захопу ўлады, паведамляе Sputnik. Падсуднымі будуць пяць чалавек.

Пакуль невядома, будзе гэты суд адкрыты ці закрыты. 

Раней паведамлялася, што па справе праходзяць Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў, Юрый Зянковіч, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук.

Фігурантамі крымінальнай справы сталі 5 чалавек. Літаратуразнаўцу Аляксандру Фядуту і кіраўніку партыі БНФ Рыгору Кастусёву выставілі абвінавачванні па ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса (змова, здзейсненая з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). Ім пагражае пакаранне ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Юрыста Юрыя Зянковіча вінавацяць дадаткова паводле ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва такім фармаваннем), ч. 3 арт. 361 (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, учынення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, распаўсюд матэрыялаў, якія змяшчаюць такія заклікі, учынены з выкарыстаннем глабальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт), ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці і розні паводле прыкметы іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненыя групай асоб) Крымінальнага кодэкса.

Вольгу Галубовіч і Дзяніса Краўчука вінвацяць у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, па ч. 1 артыкула 342 КК.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.