Вы тут

Сучасны спорт Лукашэнка назваў "вайной без правілаў"

На сустрэчы Лукашэнкі з веслярамі / БЕЛТА

Аляксандр Лукашэнка параўнаў сучасны спорт з вайной без правілаў. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з чальцамі нацыянальнай каманды па веславанні на байдарках і каноэ.

"Той жа хакей, футбол (дзе нам хацелася б, каб было так, як у вас) — гэта сёння не спаборніцтва, нават не бітва. Гэта вайна. Таму што спорт стаў палітыкай. Як толькі ўбачылі недзе, калі гэта не амерыканец, можа быць, яшчэ не кітаец, так пачынаюць прэсаваць", — цытуе словы кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Ён згадаў скакуна ў вышыню Дзмітрыя Набокава, якога нядаўна адхілілі ад спаборніцтваў па падазрэнні ў допінгу. Лукашэнка лічыць, што прыцягнулі яго да адказнасці "за нейкую дробязь" — толькі каб не дапусціць на Алімпіяду. 

"Гэта вайна без правілаў. У вайне мала правілаў, але тут наогул ніякіх правілаў. Там у палон не бяруць, груба кажучы, а расстрэльваюць адразу, нават не паспееш фінішнай стужачкі дасягнуць", — вобразна выказаўся кіраўнік дзяржавы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.