Вы тут

Студэнта БДУІР асудзілі восьмы раз за два месяцы — ужо на 114 сутак

Ян Салановіч / TUT.by

24 снежня адбыўся восьмы за два месяцы суд над студэнтам-чацвертакурснікам БДУІР і экс-супрацоўнікам навукова-тэхнічнага цэнтра КДБ Янам Салановічам. Хлопца асудзілі яшчэ на 15 сутак, паведамляе TUT.by. Агулам ён правядзе за кратамі 114 сутак. 

Сёння Яна судзілі за падзеі 25 кастрычніка. Працэс вёў суддзя Міхаіл Макарэвіч

У матэрыялах справы пазначана, што 25 кастырчніка Салановіч удзельнічаў у несанкцыянаваным вулічным шэсці на праспекце Незалежнасці. Падчас акцыі ён з групай грамадзян выказваў сваю незадаволенасць "па факце ўсяго таго, што адбываецца ў Рэспубліцы Беларусь". Упершыню за два месяцы малады чалавек не прызнаў сваю віну: ён заявіў, што не памятае падзеі таго дня. Салановіч сказаў, што, магчыма, апынуўся па паказаным у пратаколе адрасе, калі вазіў на машыне дзядзьку на дачны ўчастак і яны ехалі па праспекце. 

Падчас суда хлопец паведаміў, што на мінулым тыдні ўмовы ўтрымання сталі больш жорсткімі. Цяпер ім амаль кожны дзень трэба падымаць нары. Яго не водзяць ні ў душ, ні на прагулкі, не перадаюць лісты. Ягоныя лісты да маці, як пазней выявілася, таксама не даходзяць. Адвакат Дзмітрый Пігуль назваў гэтыя ўмовы катаваннем.

Ян Салановіч быў затрыманы 1 лістапада. З таго часу над ім праходзяць суды за ўдзел у вулічных акцыях. Праваабаронцы прызналі Салановіча палітвязнем і патрабуюць неадкладна яго вызваліць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.