Страхавы стаж у Беларусі скарацілі для вайскоўцаў і тых, хто даглядае інвалідаў

Страхавы стаж у Беларусі скарацілі для вайскоўцаў і тых, хто даглядае інвалідаў

29 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 233 "Аб пенсійным забеспячэнні асобных катэгорый грамадзян".

Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, дакумент дапаможа ўрэгуляваць праблему з пенсіямі грамадзян, якія доўгі час ажыццяўлялі сацыяльна-значныя віды дзейнасці і таму не змаглі набыць стаж працы з выплатай абавязковых страхавых унёскаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду, патрэбны для прызначэння пенсіі паводле ўзросту.

Указ  прадугледжвае змяншэнне страхавога стажу для грамадзян, якія даглядалі інваліда I групы або дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама асобаў, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту. Гэтай катэгорыі грамадзян будзе налічвацца працоўная пенсія па ўзросце пры наяўнасці не менш за 10 гадоў страхавога стажу і агульнага стажу працы не менш за 40 гадоў у мужчын і 35 гадоў у жанчын.

Таксама скарачаецца страхавы стаж для вайскоўцаў, якія адслужылі не менш за 10 каляндарных гадоў, але не маюць права на пенсію паводле заканадаўства аб пенсiйным забеспячэннi ваеннаслужачых. Працоўная пенсія па ўзросце гэтай катэгорыі грамадзян будзе налічвацца пры наяўнасці не менш за 10 гадоў страхавога стажу і агульнага стажу працы не менш за 25 гадоў у мужчын і 20 гадоў у жанчын.

Да 2014 года страхавы стаж, які ўлічваецца пры вызначэнні права на працоўную пенсію, складаў 5 гадоў. 1 студзеня 2014 года яго павялічылі да 10 гадоў, 1 студзеня 2015-га — да 15 гадоў. На пачатку гэтага года страхавы стаж паднялі да 16 гадоў. Цяпер штогод гэтая планка будзе павялічвацца на 6 месяцаў — да 20 гадоў.

Згодна з новымі правіламі частка беларусаў трапляе ў так званую "пенсійную пастку": яны не змогуць прэтэндаваць на працоўную пенсію, а толькі на сацыяльную. Сярод праблемных катэгорый — вайскоўцы і жанчыны, якія некалькі разоў былі ў дэкрэтным адпачынку або даглядалі дзяцей-інвалідаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі