Беларуска 3-ці год не атрымлівае пенсію — яна жыве ва Украіне за 10 км ад мяжы

Лідзія Уюн

Лідзія Уюн / "Суспильне"

Пенсіянерка з Беларусі Лідзія Уюн жыве ва Украіне за 10 кіламетраў ад украінска-беларускай мяжы. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны жанчына засталася без грошай.

"Пенсія ў Беларусі, перадаць яе не могуць", — расказвае яна журналістам украінскага тэлеканала "Суспильне".

Украінскага грамадзянства ў пенсіянеркі няма, толькі пастаянны від на жыхарства ў краіне. Яна нарадзілася і вырасла на Валыні, але замуж выйшла за беларуса і 40 гадоў пражыла ў Брэсце, працавала настаўніцай пачатковых класаў.

У 2008-м годзе жанчына прыехала на Валынь, каб даглядаць хворага бацьку. У 2013 годзе ён памёр, а неўзабаве памёр і муж Лідзіі Уюн. У Беларусь яна больш не вярнулася і засталася жыць у роднай вёсцы на Валыні. З пачаткам поўнамаштабнай вайны жанчына засталася без сродкаў да існавання. Кажа, што прапасці не даюць суседзі.

Лідзія Уюн рыхтуе на зіму дровы і кансервацыі

Убачыцца з дзецьмі і чатырма ўнукамі яна таксама не можа — яны жывуць у Беларусі. Нягледзячы на тое, што да ўкраінска-беларускай мяжы з роднай вёскі Лідзіі Уюн усяго 10 кіламетраў, мяжа закрытая і замініраваная. Адзіны пункт пропуску тут працуе на ўезд ва Украіну — праз яго перасяленцы, вымушаныя з'язджаць з краіны праз часова акупаваныя тэрыторыі, могуць вярнуцца дадому.

Адзіны спосаб для пенсіянеркі пабачыцца з блізкімі ў Беларусі — выехаць з Украіны праз адну з суседніх краін Еўропы і адтуль заехаць у РБ. Для пенсіянераў гэта досыць доўгі і нятанны шлях. Пакуль жанчына рыхтуецца да зімы — запасаецца дровамі, квасіць капусту і займаецца кансерваваннем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі