Былая кампанія "кашалька Лукашэнкі" два гады не плаціла пенсійныя ўнёскі

Мікалай Варабей

Мікалай Варабей

Пад банкруцтва трапіла кампанія "Ушачы", якая ўваходзіла ў бізнес-імперыю Мікалая Вараб'я, піша выданне "Беларусы і рынак".

Кампанія завінавацілася па пенсійных плацяжах у ФСАН. Таму на яе падалі ў суд на банкруцтва. Справа была пачатая пад канец 2023 года.

За 2020-2022 гады за кампаніяй "Ушачы" назапасілася амаль 11,5 тысяч рублёў запазычанасці па плацяжах на льготныя пенсіі сваім былым і дзеючым супрацоўнікам. З пеняй сума атрымліваецца яшчэ большай — каля 12,8 тысяч рублёў.

Яшчэ ў канцы 2021 Міністэрства працы і сацыяльнай абароны атрымала выканаўчыя лісты на затрыманне і прымусовую адбуксіроўку транспартных сродкаў, якія лічыліся на балансе прадпрыемства. Але дагэтуль аўтамабілі кампаніі не ўдалося знайсці — нават з дапамогай віцебскай абласной ДАІ.

Дарэчы, да 2020-х "Ушачы" ўваходзілі ў імперыю наваполацкага бізнесоўца Мікалая Вараб'я — данаго з "кашалькоў Лукашэнкі". Па выніках мінулага года ён заняў трэцяе месца ў Топ-100 паспяховых бізнесоўцаў Беларусі.

"Ушачы" ён набыў на адкрытым конкурсе ў 2003 годзе праз сваю кампанію "Інтэрсэрвіс". Яна пастаўляла зрубы, вагонку, дошку падлогі як беларускім заказчыкам, так і на экспарт. Былы дрэваапрацоўчы цэх Ушацкага лясгаса стаў адным з найбуйнейшых працадаўцаў райцэнтра. Яшчэ пяць гадоў таму на ім працавала каля 70 чалавек.

Але пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Варабей стаў адным з першых беларускіх бізнесоўцаў, якія трапілі пад заходнія санкцыі. Каб выратаваць бізнэс, з большасці сваіх кампаній ён афіцыйна выйшаў, перадаўшы свае долі і кіраванне топ-менеджарам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі