Вы тут

Стаянка машыны ў мінскім аэрапорце абышлася даражэй за адпачынак у Егіпце

Еўрарадыё

Стаянка аўтамабіля ў Нацыянальным аэрапорце Мінск абышлася турыстам даражэй за адпачынак у Егіпце. Як інфармуе TUT.by, з-за сваёй няўважлівасці сям'я беларусаў атрымала рахунак за паркоўку на 2780 рублёў. Яны адляталі ў Егіпет на 11 дзён і ўначы паставілі легкавік на платную стаянку аэрапорта, і не зразумелі гэтага (у цемры не заўважылі шчыт з тарыфамі). Яна бясплатная толькі першыя 20 хвілін, кожная наступная гадзіна каштуе 10 рублёў. Аўтамабіль прастаяў на гасцявой паркоўцы 11 дзён і 14 гадзін.

Пасля вяртання з адпачынку муж і жонка былі ў шоку, калі даведаліся суму. Плаціць яны адмовіліся — у іх проста няма такіх грошай. Верагодна вяскоўцаў чакае суд.

На тэрыторыі мінскага аэрапорта, акрамя згаданай гасцявой паркоўкі, ёсць яшчэ тры платныя стаянкі: на 138 аўтамабіляў, дзе першая гадзіна паркоўкі каштуе 2 рублі, пасля за дзень давядзецца заплаціць 48 рублёў; на 1235 машын, дзе першая гадзіна каштуе паўтара рублі, дзень — 6 рублёў 30 капеек (паркоўка ахоўваецца); зона браніравання, дзе за "бронь" плаціцца 10 рублёў і 6 рублёў за кожны дзень паркоўкі.

За тэрыторыяй аэрапорта ёсць бясплатная стаянка і платная на 1579 месцаў, дзе за 4 гадзіны паркоўкі трэба заплаціць 1 рубель.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.