Вы тут

Старшыня калегіі — пра звольненых адвакатаў: заняліся палітыканствам

Аляксей Швакаў / sb.by

Адвакаты, якіх пазбавілі ліцэнзіі пасля 2020 года, паводзілі сябе непрафесійна. Такую ацэнку даў старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Аляксей Швакаў

У інтэрв'ю газеце "СБ. Беларусь сегодня" ён абрынуўся з крытыкай на былых калег: "Паддаліся негатыўнаму ўплыву, які актыўна распаўсюджваўся тады з дапамогай розных інтэрнэт-крыніц, телеграм-каналаў, і некаторыя адвакаты. Скарыстаўшыся публічнасцю (а ў адваката ёсць такая магчымасць, ён можа выступаць у судах, выказваць сваё меркаванне), павялі сябе непрафесійна і заняліся палітыканствам".

Па словах Швакава, некаторыя адвакаты выступалі ад імя ўсёй супольнасці і дыскрэдытавалі яе: "Больш за тое, некаторыя палічылі, што маюць права выступаць ад імя ўсёй адвакацкай супольнасці, дыскрэдытуючы ўвесь інстытут адвакатуры. Калі я займаўся гэтым пытаннем, пытаўся ў іх асабіста: а якое наогул права маеце выступаць ад імя супольнасці? Хто вас ўпаўнаважыў?"

Як паведамлялася раней, з 2020 года больш за паўсотні адвакатаў былі пазбаўленыя ліцэнзій. Часцей за ўсё пазбаўлялі ліцэнзій адвакатаў, якія ўдзельнічалі ў палітычных працэсах або выказваліся наконт сітуацыі ў краіне. 

Гэтую зачыстку адвакацкай супольнасці, па словах Швакава, дапамагалі правесці дзяржаўныя органы: "У наступным ва ўзаемадзеянні з дзяржаўнымі органамі мы змаглі справіцца з гэтай тэндэнцыяй і стараемся не дапусціць падобных праяў у нашых шэрагах і сёння".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.