Старшыня Еўрасавета: Мы гатовыя на незвычайныя сустрэчныя крокі да Беларусі

Напярэдадні адкрыцця Рыжскага саміту Усходняга партнёрства старшыня Еўрапейскага савета Дональд Туск сустрэўся з журналістамі. Сярод іншага ён распавёў і пра адносіны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Як паведамляе tut.by, Туск станоўча ацаніў нейтральную пазіцыю Беларусі ва ўкраінскай сітуацыі. "Беларусь сёння — адказны і прадказальны партнёр у тым, што датычыць канфлікту паміж Расіяй і Украінай", — адзначыў прэзідэнт Еўрасавета. Ён назваў карыснымі намаганні Беларусі ў гэтай сферы.

Разам з тым Туск адзначыў, што ЕС не можа змяніць сваю пазіцыю наконт палітычных свабод у Беларусі: "Гаворка ідзе аб правах чалавека, аб палітвязнях. Гэта нязменныя каштоўнасці для Еўропы. І мы ніколі не будзем рабіць гэтыя прынцыпы прадметам для дыскусій".
 
Туск лічыць, што змены ў адносінах паміж Беларуссю і Еўрасаюзам залежаць ад дзеянняў Беларусі. "Я магу толькі аб'явіць, што калі з'явяцца першыя знакі добрай волі Мінска, калі пазітыўныя сігналы працягнуцца, я гатовы зрабіць шэраг незвычайных крокаў насустрач", — дадаў палітык. Але ён не захацеў удакладніць, пра якія канкрэтна крокі вядзецца гаворка.

Фота — прэс-служба Еўрапейскага савета

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі