Стараста вёскі Марс: Я б ніколі не хацела жыць на іншым Марсе

Стараста вёскі Марс: Я б ніколі не хацела жыць на іншым Марсе

У Беларусі таксама ёсць Марс, і нават два. Першы ў Дзяржынскім, другі — у Лоеўскім. Насельніцтва гэтых вёсак памяншаецца, і неўзабаве яны могуць стаць бязлюднымі і пустымі, куды зрэдку будуць прыязджаць на лета нашчадкі мясцовых жыхароў.

Еўрарадыё паразмаўляла са старастай вёскі Марс у Дзяржынскім раёне Вольгай Юцкевіч. Яна аказалася ў курсе запуску ракеты Falcon Heavy. Яны разам з сынам захапляюцца касмічнай тэматыкай, глядзяць гістарычныя і дакументальныя фільмы пра гэта, і хацелі бы злятаць у космас:

"Я б хацела злятаць у космас. Мы з сынам часам абмяркоўваем, як яно там. Фільмы з ім глядзім дакументальныя і гістарычныя пра космас. Ён любіць усю гэтую касмічную тэматыку, ну, і мне прыйшлося ўсё гэта таксама ведаць".

Аднак жыць на Марсе яна б не хацела. Бо тут, у сваім Марсе, весялей, ды і па радзіме сумаваць будзе:

"Наўрад ці ў бліжэйшы час мы нешта каланізуем. Цікава пабыць дзесьці, злятаць, паглядзець, як там і што. Але ўсё адно ж дадому будзе цягнуць. Я б ніколі не хацела жыць на іншым Марсе. Тут цікавей. Усё мяняецца, адны людзі прыходзяць, іншыя сыходзяць. Жыццё тут мяняецца. І цікава за гэтым назіраць. А там — я не ведаю. Мне б там не спадабалася".

Вось і Ілан Маск казаў: "Я б хацеў памерці на Марсе, але толькі не ад удару аб паверхню", але наўрад ці ён меў на ўвазе беларускі Марс.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі