Стала вядома пра новыя карупцыйныя справы ў Беларусі

У Беларусі распачатыя крымінальныя справы па шэрагу карупцыйных злачынстваў. Пракуратурай Магілёўскай вобласці распачата справа па "злоўжыванню службовымі паўнамоцтвамі" ў дачыненні да дырэктара аднаго з камунальных прадпрыемстваў Магілёва і заснавальніка таварыства з абмежаванай адказнасцю "Дорінвест".

Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на Генеральную пракуратуру, згаданыя асобы падазраюцца ў арганізацыі ў інтарэсах "Дорінвеста" выканання розных будаўнічых работ сіламі камунальнага прадпрыемства. Апошняму былі нанесеныя страты — каля 372 млн рублёў.

Была распачатая крымінальная справа і па факце "перавышэння ўлады ці службовых паўнамоцтваў" у дачыненні да начальніка аддзела аднаго з камунальных прадпрыемстваў Магілёва. Яе падазраюць у тым, што, не маючы паўнамоцтваў, яна падпісала акт здачы-прыёмкі выкананых аб'ёмаў будаўнічых і іншых спецыяльных мантажных работ з пазначэннем у ім непраўдзівых звестак. Дзяржаве нанеслі страты на суму больш чым на 1 млрд рублёў.

Пракуратурай Асіповіцкага раёна распачатая справа па артыкуле "крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі" ў дачыненні да старшыні аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Ён падазраецца ў крадзяжы мяса прыкладна на 7 млн рублёў.

Пракуратурай Мінскага раёна распачатыя справы па артыкулах "службовая халатнасць" і "парушэнне ветэрынарных правілаў" у дачыненні да начальніка і ветлекара сельгаспрадпрыемства "Колас" ААТ "Нерудпрам". З-за неналежнага выканання службовых абавязкаў і парушэння ветэрынарна-санітарных правілаў яны нанеслі страты гаспадарцы ў памеры больш за 520 млн рублёў.

Пракуратурай Кастрычніцкага раёна Мінска распачатая крымінальная справа на артыкуле "злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі" ў дачыненні да былога дырэктара аднаго з ЖЭУ Заводскага раёна сталіцы. Ён падазраецца ў тым, што са студзеня 2012 года па жнівень 2014 года даў магчымасць карыстання электраэнергіяй тром юрыдычным асобам, аплату за якую рабіла ЖЭУ. Страты склалі больш за 71 млн рублёў.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі