Вы тут

Стала вядома, калі адбудзецца развітанне з Адамам Мальдзісам

Адам Мальдзіс / nlb.by

Развітанне з вядомым літаратуразнаўцам, гісторыкам і пісьменнікам Адамам Мальдзісам адбудзецца 5 студзеня ў Касцёле святога Сымона і святой Алены. Адпяванне пачнецца ў 11 гадзін. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook яго сын Яраслаў Мальдзіс.

Пахаваюць Адама Мальдзіса ў той жа дзень на могілках вёскі Задворнікі Астравецкага раёна. Мальдзіс — родам з тых месцаў.

Адама Мальдзіса не стала 3 студзеня. Ён памёр на 90-м годзе жыцця ў мінскай клініцы. Адам Мальдзіс займаўся даследаваннем беларускай культуры і літаратуры XVII-XIX стагоддзяў, вывучаў беларуска-польскія і беларуска-літоўскія літаратурныя ўзаемасувязі. Адна з самых вядомых яго работ — "Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя: Нарысы быту і звычаяў" (другое выданне выйшла пад назвай "Як жылі нашы продкі ў XVII стагоддзі").

З пачатку 1990- х быў дырэктарам Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Францыска Скарыны. Акрамя таго, сябраваў з Уладзімірам Караткевічам, пра якога напісаў кнігу ўспамінаў.

Тры гады таму Адам Мальдзіс быў госцем праграмы "Ідэя Х" на Еўрарадыё, разважаў пра тое, якой магла б быць нацыянальная ідэя Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.