Справу Ціханоўскага і іншых будзе разглядаць Гомельскі абласны суд

Сяргей Ціханоўскі / Еўрарадыё​
Сяргей Ціханоўскі / Еўрарадыё​

Крымінальную справу аб арганізацыі масавых беспарадкаў, адным з фігурантаў якой з'яўляецца Сяргей Ціханоўскі, будзе разглядаць Гомельскі абласны суд. Пра гэта паведамляе TUT.BY са спасылкай на адваката Ціханоўскага Віктара Мацкевіча.

Той у сваю чаргу спасылаецца на паведамленне Вярхоўнага суда.

Аказваецца, рашэнне было прынятае яшчэ 4 траўня. Пры гэтым пракуратура паведамляла аб перадачы гэтай крымінальнай справы ў Вярхоўны суд 5 траўня.

"У адпаведнасці з пастановай намесніка старшыні Вярхоўнага суда Беларусі ад 4 траўня 2021 года крымінальная справа ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча і іншых накіраваная ў Гомельскі абласны суд для разгляду па першай інстанцыі", — гаворыцца ў паведамленні Вярхоўнага суда.

Калі адбудзецца першае пасяджэнне па справе, пакуль невядома. Дату павінен прызначыць Гомельскі абласны суд.

Усяго па справе праходзяць сем чалавек, у тым ліку палітык Мікалай Статкевіч і адміністратар аднаго з тэлеграм-каналаў Ігар Лосік. Таксама сярод фігурантаў гэтай справы — сябра ініцыятыўнай групы па вылучэнні ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Арцём Сакаў, мадэратар сацсетак праекта Ціханоўскага Дзмітрый Папоў і блогер Уладзімір Цыгановіч.

Паводле версіі следства, "Ціханоўскі, Статкевіч, а таксама прыцягнутыя імі Сакаў А. М., Папоў Д. Ю., Лосік І. А., Цыгановіч У. У. і іншыя грамадзяне з чэрвеня 2019 года планавалі арганізацыю масавых беспарадкаў на тэрыторыі краіны ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе".

Усіх фігурантаў абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК РБ).

Ціханоўскаму, Сакаву і Папову выстаўленыя абвінавачванні адразу па чатырох артыкулах КК. Акрамя арганізацыі беспарадкаў іх абвінавачваюць у распальванні сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130), процідзеянні ажыццяўленню выбарчых правоў (ч. 2 арт. 191) і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342).

Лосіку і Цыгановічу выставілі абвінавачванні па двух артыкулах — аб арганізацыі беспарадкаў і распальванні сацыяльнай варожасці. Статкевіча абвінавачваюць толькі па адным артыкуле КК.

Праваабаронцы прызналі ўсіх фігурантаў гэтай справы палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі