Вы тут

Справа Сяргея Ціханоўскага перададзеная ў суд — пракуратура

Сяргей Ціханоўскі / Еўрарадыё​

Справа Сяргея Ціханоўскага накіраваная ў Вярхоўны суд для вызначэння падсуднасці, паведаміла Генеральная пракуратура.

Усяго па справе праходзяць сем чалавек, у тым ліку Мікалай Статкевіч і Ігар Лосік.

Паводл версіі следства, "Ціханоўскі, Статкевіч, а таксама прыцягнутыя імі Сакаў А. М., Папоў Д. Ю., Лосік І. А., Цыгановіч У. У. і іншыя грамадзяне з чэрвеня 2019 года планавалі арганізацыю масавых беспарадкаў на тэрыторыі краіны ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе".

Усіх фігурантаў абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК РБ).

Ціханоўскаму, Сакаву і Папову выстаўленыя абвінавачанні адразу па чатырох артыкулах КК. Акрамя арганізацыі беспарадкаў іх абвінавачваюць у распальванні сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130), супрацьдзеянні ажыццяўлення выбарчых правоў (ч. 2 арт. 191) і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342).

Лосіку і Цыгановічу выставілі абвінавачванні па двух артыкулах — аб арганізацыі беспарадкаў і распальванні сацыяльнай варожасці. Статкевіча абвінавачваюць толькі па адным артыкуле КК.

Паводле версіі следства, "абвінавачаныя з канца 2019 года сталі распаўсюджваць у сетцы Інтэрнэт публічныя заклікі да падрыхтоўкі, арганізацыі і актыўнага ўдзелу ў незаконных масавых мерапрыемствах" у межах перадвыбарнай кампаніі. Незаконныя масавыя мерапрыемствы, кажуць у пракуратуры, праводзіліся пад выглядам збору подпісаў за вылучэнне кандыдата ў прэзідэнты.

Сяргей Ціханоўскі дыскутаваў з Аляксандрам Лукашэнкам на сустрэчы ў СІЗА КДБ

Пракуратура нагадвае пра словы Ціханоўскага на адрас кіраўніцы Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай. Абвінавачванне ўбачыла ў іх "заклік да дзеяння пагрозы" ў выглядзе правядзення незаконных масавых мерапрыемстваў каля яе дома і парушэння недатыкальнасці яе жылля.

Паведамляецца таксама пра лёс знойдзеных у Ціханоўскага 900 тысяч долараў.

"Падчас ператрусу ў садовым доміку ў Гомельскім раёне, які Ціханоўскі С. Л. выкарыстоўваў для працы і жыхарства, выяўленыя і канфіскаваныя 900 300 долараў ЗША, пнеўматычны пісталет і пнеўматычны аўтамат. Характар упакоўкі значнай часткі грошай, серыйнасць нумароў банкнот у пачках паказвалі на іх аднамомантавае атрыманне ў банкаўскіх або іншых фінансавых арганізацыях", — гаворыцца ў заяве ведамства.

Паведамляецца таксама, што на маёмасць абвінавачаных накладзены арышт. 

Нагадаем, праваабаронцы прызналі ўсіх фігурантаў гэтай справы палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.