СМІ: Міхаэль Шумахер выйшаў з комы

Пра гэта паведамляюць нямецкія СМІ са спасылкай на афіцыйную заяву мэнэджара спартсмена Сабіну Кім.





"Міхаэль пакінуў клініку CHU Grenoble, каб працягнуць доўгую фазу рэабілітацыі. Ён больш не ў коме", — цытуе словы Кім РІА "Новости". Паводле яе слоў, сям'я спартсмена ўдзячная лекарам і медсёстрам за іх працу і дапамогу, а таксама выказвае падзяку ратавальнікам, якія працавалі на месцы няшчаснага выпадку.





"Падзяка сям'і датычыцца і ўсіх тых людзей, якія даслалі Міхаэлю так шмат добрых пажаданняў. Вы вельмі яму дапамаглі. На будучыню мы просім разумення, паколькі далейшая рэабілітацыя будзе праходзіць без удзелу грамадскасці", — гаворыцца ў заяве мэнэджара.





Нагадаем, няшчасны выпадак з Шумахерам адбыўся ў канцы мінулага года, калі ён катаўся на горных лыжах, упаў і ўдарыўся галавой аб камень. Ад таго часу спартсмен знаходзіўся ў коме.

Фота — АР