Вы тут

Следчы камітэт: затрыманыя баевікі не планавалі ляцець у Стамбул

Расіяне ў мінскім гатэлі / кадр з тэлеканала "Беларусь 1"

Расіяне з прыватнай ваеннай кампаніі "Вагнер", затрыманыя ў Беларусі, не планавалі ляцець у Стамбул, хаця і мелі на руках квіткі на самалёт. Пра гэта ў выпуску навінаў на тэлеканале АНТ заявіў кіраўнік следчай групы Аляксандр Агафонаў.

Паведамляецца, што група мела квіткі на вылет на 25 ліпеня ў Стамбул. Аднак рэйс адправіўся без іх. Не куплялі яны квіткі і на наступныя дні, хаця за гэты час у Стамбул адправіліся чатыры рэйсы: 26 ліпеня — у 15:15, 27-га — у 8:15 і 20:00, 28-га — у 8:20.

Нумары ў санаторыі "Беларусачка", як заяўляе следства, група забраніравала яшчэ 24 ліпеня — да таго, як засялілася ў мінскі гатэль пры IBB.

Па словах Агафонава, група была арганізаваная і кіравалася паводле ваенных стандартаў. Кіраванне адбывалася праз групу ў WhatsApp.

"Усе затрыманыя дапытаныя з удзелам абаронцаў. Іх паказанні не паслядоўныя аб мэтах знаходжання ў Беларусі, супярэчлівыя. 11 чалавек мелі намер ляцець у Венесуэлу, 15 ішлі ў Турцыю, 2 — на Кубу, 1 — у Сірыю. Адзін наогул не ведаў, куды ляціць. Трое ад дачы паказанняў адмовіліся. Уяўляецца сумніўным, што ў адным рэйсавым самалёце можна здзейсніць пералёт у краіны розных кантынентаў", — заявіў у тэлеэфіры прадстаўнік Следчага камітэта.

Як паведамлялася раней, 32 расіян беларускія сілавікі затрымалі ў санатроыі "Беларусачка" пад Мінскам у ноч на 29 ліпеня. Пазней у Калінкавічах быў затрыманы яшчэ адзін чалавек. Усе яны — удзельнікі прыватнай ваеннай кампаніі "Вагнер". 14 з іх згадваюцца ва ўкраінскай базе "Міратворац" як удзельнікі баёў на Данбасе. 

Расійскі амбасадар Дзмітрый Мезенцаў заявіў, што затрыманыя расіяне следавалі праз Беларусь транзітам у Турцыю. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.