Вы тут

СІРОП выступіў для пацыентаў Беларускага дзіцячага хоспіса

Пасля імпрэзы / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

У музеі-майстэрні скульптара савецкай Беларусі Заіра Азгура прайшоў творчы вечар рэпера-рэцыдывіста Сіропа (Аляксей Загорын) і яго паплечніка — пісьменніка-музыкі Гены Лаўніка. Сярод сотняў бюстаў ды скульптур асноўная аўдыторыя была не самай звычайнай для рэпера — гэта пацыенты Беларускага дзіцячага хоспіса, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі праграммы “Маладыя Дарослыя”. 

Маладзёны ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў адмыслова прыехалі ў музей з Мінска, Асіповіч ды Дзяржынска. Больш за паўтары гадзіны рэпер расказваў пра жыццё ў няволі і тыя памылкі, якія раз за разам зноўку прыводзілі яго за турэмныя краты. Таксама пра тое, як ён зразумеў, што настаў час пачынаць новае жыццё. Дарэчы, пра ўсё гэта сам Сіроп падрабязна распавядаў у вялікім інтэрв’ю Еўрарадыё

Слухачы цікавіліся і крыніцамі для творчасці, і жорсткасцю слоў, і нават адсылкамі да сур’ёзных кніг у песнях. Скончыўся творчы вечар выступам музыкаў са сваімі новымі песнямі.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Еўрарадыё і Беларускі дзіцячы хоспіс (недзяржаўная і некамерцыйная структура, якая аказвае дапамогу сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей з цяжкімі ці невылечнымі хваробамі). Праграмма “Маладыя Дарослыя” дапамагае людзям з цяжкімі і невылечнымі захворваннямі ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў, якія маюць патрэбу ў комплекснай паліятыўнай дапамозе. Мэта праграмы: стварыць сістэму комплекснай паліятыўнай дапамогі для маладых дарослых, накіраваную на рэгіёны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.