Сідорскі заступіўся за беларускае малако, якое трапіла пад санкцыі ў Расіі

Сідорскі заступіўся за беларускае малако, якое трапіла пад санкцыі ў Расіі

Абмежаванні на пастаўкі беларускага малака ў Расію груба парушаюць палажэнне, зацверджанае Саветам Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК). Пра такую заяву чальца Калегіі (міністра) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе ЕЭК Сяргея Сідорскага паведамляе амбасада Беларусі ў Расіі.

22 лютага Рассельгаснагляд паведаміў, што з 26-га ўвядзе часовую забарону на пастаўкі беларускага малака, вяршкоў і малочнай прадукцыі ў Расію. Міністр сельскай гаспадаркі Расіі пазней патлумачыў забарону тым, што Беларусь займаецца рээкпартам няякаснай малочнай прадукцыі. 

"Увядзенне абмежаванняў з'яўляецца парушэннем пункта 175 палажэння аб адзіным парадку правядзення сумесных праверак аб'ектаў і адбору пробаў тавараў (прадукцыі), якія падлягаюць ветэрынарнаму кантролю (нагляду), зацверджанага рашэннем Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі ад 9 кастрычнiка 2014 года №94. Ніхто не мае права ігнараваць рашэнне Савета камісіі", — падкрэсліў Сідорскі, каментуючы забарону.

Паводле яго словаў, палажэнне, зацверджанае Саветам камісіі, дапускае, што пастаўкі прадукцыі з усёй тэрыторыі Беларусі могуць абмяжоўвацца выключна пры пагаршэнні эпізаатычнай сітуацыі па асабліва небяспечных і каранцінных хваробах, агульных для чалавека і жывёл. Цяпер жа такіх падставаў няма, каж Сідорскі, таму Рассельгаснагляд не меў падставаў для санкцыяў супраць паставак малака з тэрыторыі ўсёй краіны.

ЕЭК прапануе бакам 26-27 лютага правесці кансультацыі на пляцоўцы камісіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі