Шымон Перэс пасля смерці стаў донарам

Шымон Перэс пасля смерці стаў донарам

Былы прэзідэнт Ізраіля Шымон Перэс, які памёр у 93-гадовым узросце, стаў донарам пасля смерці. Як паведамляюць замежныя інфармагенцтвы, рагавіцы яго вачэй атрымаюць пацыенты, якія маюць патрэбу ў перасадцы.

Стаць донарам палітык пажадаў сам і яшчэ пры жыцці даў адпаведныя распараджэнні. Цяпер на донарскую перасадку пагадзілася таксама сям’я памерлага.

Шымон Перэс памёр у лякарні каля Тэль-Авіва. Яго стан рэзка пагоршыўся на гэтым тыдні — пасля перанесенага раней у гэтым месяцы інсульту. 13 верасня ён быў дастаўлены ў лякарню і з таго моманту  знаходзіўся ў стане штучнай комы, а таксама быў падлучаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Перэс займаў амаль усе галоўныя дзяржаўныя пасады ў Ізраілі: ён адпрацаваў два тэрміны на пасадзе прэм'ер-міністра, а таксама некалькі разоў узначальваў міністэрства абароны Ізраіля, міністэрства фінансаў, міністэрства сувязі, МЗС, МУС і іншыя ведамствы. З 2007 па 2014 гады Перэс займаў пасаду прэзідэнта краіны.

У 1994 годзе ён стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру, разам з прэм'ер-міністрам Іцхакам Рабінам і палесцінскім лідарам Ясірам Арафатам — за ролю ў мірных перамовах у Осла, якія паклалі пачатак працэсу перадачы грамадзянскай улады Палесцінскай аўтаноміі.

Шымон Перэс нарадзіўся 2 жніўня 1923 года ў беларускім Вішневе. У 1934 годзе эміграваў у Палесціну.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі