Вы тут

Шуневіч прыйшоў да Лукашэнкі з Зайцам

Леанід Заяц, Аляксандр Лукашэнка і Ігар Шуневіч / president.gov.by

2 чэрвеня ў Аляксандра Лукашэнкі былі кіраўнік Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Ігар Шуневіч і віцэ-прэм'ер Леанід Заяц (ён курыруе гэтую сферу). Лукашэнка назваў структуру Шуневіча "найважнейшым рэсурсам дзяржавы". "Як вы там адчуваеце сябе, што там за сітуацыя?"  цытуе яго пытанне прэс-служба.

З пытанняў, якія абмяркоўваліся, згадваюцца толькі барацьба з афрыканскай чумой свіней і праект стварэння музея палявання і рыбалоўства. "Іншыя пытанні, якія падлягаюць абмеркаванню", засталіся "за кадрам". Сам Ігар Шуневіч пасля сустрэчы анансаваў "рашэнні, якія будуць закранаць усю паляўнічую індустрыю краіны".

Былы міністр унутраных спраў Шуневіч ачоліў Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў восенню 2021 года. У арганізацыі на той час налічвалася каля 75 тысяч членаў, у тым ліку 40 тысяч паляўнічых. Улады звярнулі пільную ўвагу на таварыства пасля выбараў 2020 года. Прызначэнне Ігара Шуневіча адбылося пасля здарэння ў Мінску, калі з паляўнічай стрэльбы айцішнікам быў застрэлены афіцэр КДБ.

Падчас службы ў МУС Шуневіч запомніўся шэрагам неадназначных заяў і з'яўленнем на афіцыйных мерапрыемствах у форме афіцэра НКУС. На новай працы ён прапанаваў выключыць зуброў з Чырвонай кнігі і дазволіць ліцэнзійнае паляванне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.