Вы тут

Андрэй Зельцэр да перастрэлкі ў кватэры тэлефанаваў у міліцыю

Андрэй Зельцэр адмовіўся адкрыць дзверы людзям у цывільным, якія прадставіліся міліцыяй / скрыншот відэа

Супрацоўнік кампаніі EPAM Андрэй Зельцэр да перастрэлкі ў ягонай кватэры двойчы набіраў 102. Пра гэта распавялі і прадстаўнікі ініцыятывы экс-сілавікоў, і супрацоўнік тэлеканала СТБ Рыгор Азаронак.

"Мы ведаем дакладна, што Андрэй Зельцэр звярнуўся па службе 102 і запатрабаваў дапамогі органаў унутраных спраў, паведаміўшы, што невядомыя б'юцца ў ягоную кватэру. Па яго выкліку выехала група затрымання Дэпартамента аховы", — распавёў прадстаўнік ініцыятывы экс-сілавікоў Алег Талерчык тэлевізійным журналістам.

З просьбай аб дапамозе з кватэры Зэльцэра тэлефанавалі двойчы, кажуць экс-сілавікі. Аб двух званках на 102 заявіў у эфіры і супрацоўнік СТБ Рыгор Азаронак. Праўда, ён інтэрпрэтаваў іх па-іншаму.

Паводле яго слоў, у аўторак днём сумесная група МУС і КДБ адпрацоўвала раён, дзе жыў Зэльцэр, па справе аб тэрарызме.

"І тут на лінію 102 паступае тэлефонны званок. Гэта быў званок з той самай кватэры. Спачатку ад мужчыны. А потым другі, ад жанчыны. Яны самі выклікалі міліцыю на сябе. Яны рыхтаваліся. Ён зарадзіў стрэльбу. Ведзьма зарадзіла тэлефон. Яны чакалі, яны ведалі, што цяпер да іх прыйдуць", — паведаміў Азаронак.

Ён зрабіў выснову, што "рыхтавалася правакацыя", і дадаў, што яшчэ трэба будзе ўсталяваць,"з кім у змове дзейнічаў гэты, з дазволу сказаць, айцішнік, і для каго прызначаліся здымкі".

Пікантнасць сітуацыі заключаецца ў тым, што версія Азаронка прыкметна разыходзіцца з версіямі, якія агучвалі раней КДБ, Следчы камітэт, які ўзбуджаў крымінальную справу па факце гібелі супрацоўніка КДБ, пракуратура, якая праводзіла праверку, і прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант.

Усе яны сцвярджалі, што сілавікі прыйшлі да Зэльцэру як падазраванага "у здзяйсненні асабліва небяспечных злачынстваў, звязаных з тэрарызмам". У пракуратуры нават казалі, што ў супрацоўнікаў КДБ была нават пастанова на ператрус, падпісаная намеснікам генпракурора.

Інцыдэнт са стралянінай адбыўся ў аўторак. Андрэй Зельцэр адмовіўся адчыніць дзверы супрацоўнікам КДБ, якія былі ў цывільным і прадставіліся міліцыяй. Калі сілавікі зламалі дзверы, ён стрэліў у іх з паляўнічай стрэльбы, тыя адкрылі агонь у адказ. У выніку Зельцэр і адзін супрацоўнік КДБ загінулі. Жонка Зельцэра затрыманая.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.