Шуневіч: Фатаграфаваць будынкі не забаронена, але затрымаць за гэта могуць

Забароны на фатаграфаванне адміністрацыйных будынкаў у Беларусі няма, але супрацоўнікі сілавых структур могуць затрымаць тых, хто выклікае падазрэнне. Пра гэта ў размове з журналістамі заявіў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.

Шуневіч: “Гэта было прадыктавана не толькі нашымі перасцярогамі і тым, што адбываецца ў Еўропе (тэрарыстычныя акты і пэўныя пагрозы экстрэмізму), але і пэўным уласным досведам. Мы зафіксавалі некалькі выпадкаў, калі сапраўды хуліганскія здымкі размяшчаліся ў інтэрнэце і выкарыстоўваліся для таго, каб дыскрэдытаваць уладу і выклікаць негатыўныя эмоцыі ў вялікай колькасці грамадзян. Вы бачыце. што хваля некалькі сціхла і ніхто цяпер не акцэнтуе на гэтым ўвагу”.

Шуневіч адзначыў, што сапраўды існуе дакумент для ўнутранага карыстання: "тэлеграма намесніка міністра сваім падначаленым для ўзмацнення іх пільнасці". Ён мяркуе, што новаўвядзенне дазволіць міліцыянерам быць больш пільнымі.

"Калі супрацоўнік, які будзе вас затрымліваць, будзе мець абгрунтаваныя доказы таго, што вашы паводзіны выклікаюць у яго падазрэнні, што ён мае ўнутраную упэўненасць у тым, што нейкая пагроза існуе, ён абавязаны праверыць вас і высветліць, што і для чаго вы фатаграфуеце", — тлумачыць міністр.

Па словах Шуневіча, у дакуменце ўказваюцца пэўныя стратэгічныя аб'екты — будынкі органаў МУС, КДБ, судоў і іншых праваахоўных органаў, якія могуць быць цікавыя як магчымыя аб'екты правакацыйных дзеянняў.

Што рабіць, калі міліцыя вас затрымала за фатаграфаванне будынка

Дэпутат: Забарона на здымкі адміністрацыйных будынкаў — “нейкія перагібы"

Будынкі забаранілі здымаць пасля затрымання расійскага дыверсанта? (тэкст)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі