Якім зрабіў імідж МУС Шуневіч? Топ "заслуг" сыходзячага міністра

Якім зрабіў імідж МУС Шуневіч? Топ "заслуг" сыходзячага міністра

На пасадзе міністра ўнутраных спраў Ігар Шуневіч пратрымаўся цэлых 7 гадоў. За гэты час ён здолеў адзначыцца цэлым шэрагам гучных і спрэчных выказванняў і дзеянняў. Самымі вядомымі сталі любоў Ігара Шуневіча да формы НКУС, якую ён апранаў на святы, і змаганне з вясёлкавым сцягам, які штогод вывешвае амбасада Вялікабрытаніі, то бок за традыцыйныя каштоўнасці. Але і апроч гэтага пра міністра Ігара Шуневіча ёсць што прыгадаць.

1.    Зрабіў з помніка гарадавому міліцэйскую святыню

Скульптура гарадавога, што стаіць каля будынка МУС, стала прычынай не аднаго адміністрацыйнага пратакола, штрафу і нават роліка, дзе падлетак, які даў гарадавому аплявуху, вымушаны быў прабачацца перад... помнікам. Як высветлілася, ідэя роліка належала... міністру МУС.

"Любы вандалізм — гэта недапушчальна ў культурным грамадстве. Таму лічу, што ўсялякая праява непавагі да грамадскага парадку... А скульптурная кампазіцыя і ўсё, што адбываецца вакол яе, ахоўваецца законам, і парушэнне гэтага закона — гэта парушэнне грамадскага парадку", — растлумачыў Шуневіч пільную ўвагу міліцыі да скульптуры, размешчанай насупраць МУС.

На пытанне, чыя была ідэя з ролікам, Шуневіч адказаў: "Мая". Журналісты спыталіся, ці выбачыліся перад сям'ёй непаўналетняга, якога знялі на відэа. "Перад якой сям'ёй?" — шчыра здзівіўся міністр. "Хлопец прыняў адэкватнае рашэнне. /.../ Ён паводле закона не нёс адказнасці, ён нёс маральную адказнасць. Закон да яго не ўжываўся", — заявіў кіраўнік МУС.

2.    “У міністра няма нагоды прасіць прабачэння ў цыганоў. Зразумела?”

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч выказаўся з нагоды масавых затрыманняў цыганскай дыяспары ў магілёўскім пасёлку Чапаеўка, якія адбыліся пасля трагічнага здарэння з супрацоўнікам ДАІ.

"У міністра няма ні прычын, ні нагоды прасіць прабачэння ў цыганоў. Зразумела?"

— так адказаў ён на пытанне Еўрарадыё, ці не варта папрасіць прабачэння ў шматлікіх затрыманых.

3.    Барацьба з наркотыкамі

Барацьба з наркотыкамі — канёк Ігара Шуневіча яшчэ з часоў яго працы ў КДБ. На пасадзе міністра МУС ён працягнуў змаганне. Напрыклад, былі павялічаны тэрміны за абарот наркатычных сродкаў. Міністр паслядоўна выступаў супраць змягчэння антынаркатычнага заканадаўства. І асабліва спрэчнага артыкула 328 Крымінальнага кодэкса.

Ігар Шуневіч: “Трэба разглядаць комплексна: з аднаго боку, наркапагроза, а з іншага ― пагроза для нашай краіны. Мы ж разумеем, што ўсё гэта нашы людзі. І проста аднабока падыходзіць да разгляду гэтай праблемы мы не маем права. Бо ёсць розныя меркаванні, і мы павінны гэтыя меркаванні ўлічваць у сваёй працы. Таму заканадаўца, хутчэй за ўсё, нейкія карэктывы ў адпаведны артыкул унясе. Калі змены будуць, то мы будзем выконваць закон”.

4. “Яны не пройдуць!”

17 мая, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй, пасольства Вялікабрытаніі ў Мінску вывесіла ЛГБТ-сцяг. У МУС на гэта адрэагавалі заявай аб тым, што «аднаполыя адносіны — гэта падробка», а Беларусь абапіраецца на падмурак традыцыйных інстытутаў сям'і і шлюбу. "Мы — за сапраўднае, яны не пройдуць!" — заявілі ў МУС.

Ігар Шуневіч каментаваў сітуацыю наступным чынам:

"Міністэрства ўнутраных спраў ахоўвае грамадскі парадак і маральнасць у нашай краіне [...] Усе разумеюць, пра што ідзе гаворка... Скажу так: меркаванне прыватнае, не міністра ўнутраных спраў, а грамадзяніна Беларусі. Гэта была пэўная праверка нашай грамадзянскай супольнасці на сталасць. Наша грамадзянская супольнасць не зусім прайшла гэтую праверку".

5.    Форма НКУС

Упершыню форму супрацоўніка НКУС Ігар Шуневіч апрануў 9 траўня 2015 года. Праўда, у адказ на пытанні журналістаў пераконваў іх, што гэта форма не НКУС, а “камісара рабоча-сялянскай міліцыі”. Маўляў, гэта проста “даніна павагі супрацоўнікам міліцыі, якія працавалі ў складаны пасляваенны час”.

6.    Інфармацыйная вайна супраць МУС

Міністр быў перакананы, што супраць МУС вядзецца інфармацыйная вайна. Найперш у інтэрнэце і найперш незразумелымі людзьмі, што называюць сябе блогерамі.

Напрыклад, у 2017 годзе ў сацсетках абмяркоўвалася здарэнне ў метрапалітэне, дзе група міліцыянераў затрымлівала хлопца. Відэа трапіла ў інтэрнэт. У абмеркаванні актыўны ўдзел прынялі вядомы блогер і фатограф Антон Матолька і кіраўнік прэс-службы МУС Канстанцін Шалькевіч. Апошні дазволіў сабе даволі абразлівыя выказванні ў адрас блогера.

31 траўня ў парламенце падчас размовы з журналістамі Шуневіч сказаў, што “ніякіх хамскіх выказванняў не было”. Ён лічыць, што была “спрэчка двух джэнтльменаў”. Адзін з іх, кажа міністр, “больш стрымана выказаўся, другі — менш стрымана”.

Ігар Шуневіч лічыць, што яго падначалены “вельмі карэктна і вельмі добра адказваў на закіды Матолькі”. Таму праверка праводзіцца не будзе. І тады ўпершыню выказаўся пра інфармацыйную вайну супраць МУС. Потым Шуневіч не адзін раз паўтараў гэта сваё сцверджанне.

7.    Хакейная форма ад “зэкаў”

Шыць хакейную форму для дзяцей і падлеткаў можна і самім — у калоніях сіламі зняволеных. Такім бачыць міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч унёсак яго ведамства ў справу развіцця дзіцячага і юнацкага хакея.

Шуневіч: “Я хачу даручыць Дэпартаменту выканання пакаранняў прапрацаваць гэта пытанне. Я думаю, што ў іх атрымаецца пашыць не горш, а нават лепш форму для дзяцей і па якасці, і па кошце. І такім чынам мы зможам зрабіць свой унёсак у гэтую задуму па развіцці дзіцячага і юнацкага хакея”.

8. Пра майкі з “Пагоняй” і бел-чырвона-белы сцяг

Неаднаразова журналісты цікавіліся ў мінстра, ці лічыцца правапарушэннем надзетая майка з “Пагоняй” ці бел-чырвона-белы шалік. Шуневіч заявіў, што ўсе магчымыя парушэнні грамадскага парадку, за якія прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, прапісаныя ў Адміністрацыйным кодэксе.  

“Прыдумляць нейкія новыя патрабаванні не мае права ні супрацоўнік органаў унутраных спраў, ніхто — гэта вызначыў заканадаўца. А такіх нормаў (пакаранне за майку з “Пагоняй” і г. д. — Еўрарадыё) я не бачыў у Адміністрацыйным кодэксе. І ні ў якім іншым дакуменце. Не магу пацвердзіць наяўнасць такой нормы”.

Што не перашкаджала міліцыянерам затрымліваць і караць людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі ці гербам “Пагоня” на майцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі