Што ўпершыню адбылося на парламенцкіх выбарах ва Украіне

Што ўпершыню адбылося на парламенцкіх выбарах ва Украіне

Ва Украіне прайшлі датэрміновыя парламенцкія выбары. На іх упэўнена перамагае партыя "Слуга народа", якую падтрымлівае прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. ЦВК яшчэ займаецца падлікам галасоў, дадзеныя, якія абнаўляюцца, можна пабачыць тут. Сайт hromadske.ua зрабіў аператыўны аналіз папярэдніх вынікаў выбараў, звярнуўшы ўвагу на цікавыя іх моманты.  

Упершыню за часы незалежнай Украіны яўка была такой нізкай — менш за 50%. Яна няўхільна зніжалася з 1994 года (за выключэннем "памаранчовых" выбараў 2006-га).

Што ўпершыню адбылося на парламенцкіх выбарах ва Украіне
hromadske.ua

Упершыню за ўсю гісторыю парламенцкіх выбараў ва Украіне адна партыя змагла набраць такую вялікую колькасць галасоў. У "Слугі народа" больш за 42% — гэта гістарычны максімум. У яе будзе 122 дэпутаты па спісе і 125 мажарытаршчыкаў (паводле папярэдняй інфармацыі).

Упершыню прэзідэнцкая партыя перамагла ва ўсіх рэгіёнах Украіны — на ўсходзе, захадзе, на поўдні, у цэнтры (хаця ў некаторых абласцях і не была першай, а ў замежжы саступіла "Еўрапейскай салідарнасці" Пятра Парашэнкі).

Упершыню партыі-пераможцы не трэба думаць, з кім стварыць кааліцыю. Для кааліцыйнай большасці неабходна 226 дэпутатаў. У "Слугі народа" іх можа быць 247. А значыць гэтая партыя зможа прызначыць свайго прэм'ер-міністра. Толькі для змены Канстытуцыі давядзецца шукаць саюзніка, паколькі патрабуецца 300 галасоў.

Упершыню з дзяржаўнага бюджэту будуць фінансавацца палітычныя партыі — і тыя, якія прайшлі ў Вярхоўную Раду ("Слуга народа", "Апазіцыйная платформа — За жыццё", "Еўрапейская салідарнасць", "Бацькаўшчына", "Голас"), і тыя, якія не прайшлі, але набралі больш за 2% галасоў (Радыкальная партыя, "Сіла і гонар", "Апазіцыйны блок", "Партыя Шарыя", "Свабода", партыя прэм'ера Уладзіміра Гройсмана).

Упершыню за часы незалежнай Украіны ў парламент не балатаваўся Юхім Звягільскі. Ён быў дэпутатам 8-мі скліканняў Вярхоўнай Рады. Сёлета 86-гадовы палітык вырашыў, што больш не будзе дэпутатам.

Што ўпершыню адбылося на парламенцкіх выбарах ва Украіне
УНІАН

Упершыню ў Вярхоўнай Радзе будзе цёмнаскуры дэпутат. Гэта — срэбраны прызёр Алімпіяды ў Рыа па грэка-рымскай барацьбе Жан Белянюк, дзясяты нумар спісу партыі "Слуга народа".

Што ўпершыню адбылося на парламенцкіх выбарах ва Украіне
УНІАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі