Школьнікам забаранілі прапускаць школу па запісцы ад бацькоў. А потым дазволілі

Ці досыць запіскі ад бацькоў?
Ці досыць запіскі ад бацькоў?

Фота чаргі ў адной з дзіцячых паліклінік, у якой сядзяць дзясяткі чалавек, выклікала шырокае абмеркаванне ў сеціве. Высветлілася, што ў некаторых школах запіскі ад бацькоў перасталі мець сілу, уважлівая прычына — толькі даведка ад лекара.

Ужо на наступны дзень аўтар здымка напісала: запіскі ад бацькоў зноў набылі сілу. Тры дні можна пахварэць, не звяртаючыся да лекара. Адпаведнае распараджэнне класныя кіраўнікі павінны данесці да бацькоў.

Еўрарадыё паспрабавала разабрацца, як правільна і без наступстваў прапускаць школу.

Школьникам запретили пропускать школу по записке от родителей. А потом разрешили
Чарга да лекара / сацсеткі

Уважлівыя і не вельмі ўважлівыя прычыны

За МКАДам запіскі ад бацькоў прымаюць, расказала Еўрарадыё дырэктарка адной са школ Мінскай вобласці, якая прадставілася Веранікай. У яе школу ніякіх дадатковых распараджэнняў не паступала.

А вось у школе, у якой вучыцца дзіця Веранікі, класная кіраўніца папярэдзіла: цяпер уважлівай прычынай для пропуску заняткаў будзе толькі даведка ад лекара. Гэта значыць, не атрымаецца "сарваць" дзіця з урокаў, напрыклад, і павезці яго сярод года на адпачынак у Егіпет, а потым напісаць запіску з просьбай вызваліць ад заняткаў.

Школьникам запретили пропускать школу по записке от родителей. А потом разрешили
Колькі такіх запісак можна напісаць за год?

— Калі дзіця прапусціла школу не па медыцынскіх паказаннях, то гэта ўжо не ўважлівая прычына. У год такіх пропускаў можа быць не больш за дваццаць. Што будзе, калі дзіця прапусціць школу 21-ы раз, нам растлумачыць не змаглі, — кажа Вераніка.

Але як дырэктарка, яна можа растлумачыць гэта сама: нічога не будзе. Выгнаць дзіця за пропускі нельга, пакінуць на другі год можна, толькі калі дзіця не атэставанае.

 

Што рэкамендуе Мінздароўя

— У нашым раёне такога патрабавання — адпраўляць дзяцей па абавязковую даведку ад лекара — няма. Я мяркую, што такія рашэнні ў некаторых школах — гэта вынік рэкамендацый ад Міністэрства аховы здароўя, якія распаўсюдзілі па школах. Там няма ўказання, што дзіця павінна абавязкова прынесці даведку ад лекара, калі яно не было ў школе. Там напісана: калі ў дзіцяці тэмпература, яно не дапускаецца да вучобы, — расказвае Вераніка.

Школьникам запретили пропускать школу по записке от родителей. А потом разрешили
Дзеці з падвышанай тэмпературай да ўрокаў не дапускаюцца

Гаворка ідзе пра часовыя рэкамендацыі па арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўмовах распаўсюджвання COVID-19. Яны складзеныя сумесна Міністэрствам аховы здароўя і Міністэрствам адукацыі і дзейнічаюць на працягу верасня — кастрычніка гэтага навучальнага года.

Вераніка мяркуе, што кожны дырэктар самастойна вольны вырашаць, ці будзе ён патрабаваць ад школьніка даведку ад лекара ў такой сітуацыі, бо прамога ўказання на гэта ў правілах няма.

У гэтым дакуменце даюцца рэкамендацыі, як забяспечыць навучальны працэс ва ўмовах пандэміі. Напрыклад, тлумачыцца, хто і як павінен вымяраць тэмпературу на ўваходзе ў школу, Што рабіць, калі ў дзіцяці або супрацоўніка тэрмометр зафіксаваў тэмпературу цела вышэй за 37 градусаў.

У такім выпадку вучня павінны забяспечыць ахоўнай маскай і адправіць у медыцынскі ізалятар, дзе ён будзе чакаць прыезду бацькоў або хуткай дапамогі. Вынікі медагляду ў такім выпадку заносяцца ў спецыяльны журнал.

Навучэнцы і работнікі ўстановы з прыкметамі вострай рэспіраторнай інфекцыі на вучобу і працу не дапускаюцца, падкрэсліваецца ў правілах.

Атрымаць каментар ва ўпраўленні адукацыі не ўдалося.

 

Хто можа пракантраляваць дырэктара?

— Мы кожны дзень запаўняем форму ад Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Так робяць усе школы Мінскай вобласці. У спецыяльнай таблічцы трэба паказаць, колькі ўсяго дзяцей у школе, колькі прысутнічаюць на ўроках. І прычыны адсутнасці — напрыклад, ВРІ ці іншыя прычыны.

Праверыць, ці правільна запоўненая гэтая форма, ці ва ўсіх дзяцей ёсць уважлівая прычына для адсутнасці на ўроках, можа, напрыклад, санстанцыя, кажа Вераніка.

— Яны аб'язджаюць школы, правяраюць, напрыклад, ці арганізаваны пакой часовага ўтрымання навучэнцаў з прыкметамі вострай рэспіраторнай інфекцыі. Яны могуць праверыць і даведкі дзяцей.

Школьникам запретили пропускать школу по записке от родителей. А потом разрешили
Галоўнае — каб бацькі ведалі, дзе дзеці

Сама Вераніка кажа, што да "запісак ад бацькоў" ставіцца лаяльна. Галоўнае, каб мама і тата былі ў курсе таго, чаму дзіця прапусціла ўрок.
 

Парады лекараў

Мы звярнуліся па параду да педыятра, які доўгі час працаваў у адной з раённых паліклінік. У якіх выпадках абавязкова весці дзіця да лекара, а калі лепш пакінуць яго дома?

— Каб сабраць анамнез, прааналізаваць сімптомы, безумоўна, агляд патрабуецца. Але калі хвароба праходзіць у лёгкай форме, вострай неабходнасці ў тым, каб у першы ж дзень трапіць да лекара, няма. Калі я працавала на ўчастку, сваіх дзяцей ведала добра і магла даць дыстанцыйныя рэкамендацыі.

Часам мы з бацькамі дамаўляліся: два-тры дні назіраеце за станам здароўя дзіцяці, потым прыходзіце да лекара. Калі ўсё добра, калі можна канстатаваць выздараўленне — выпісваем даведку.

У выпадку пагаршэння стану лекара заўсёды можна выклікаць дадому.

У гэтым выпадку, вядома, вялікая ўдача, калі лекар працуе на адным участку шмат гадоў, а ў бацькоў ёсць яго кантакты. Тады і лекар, і медсястра заўсёды трымаюць руку на пульсе, ведаюць пра стан здароўя ўсіх, хто прыпісаны да ўчастка: у каго могуць быць ускладненні, якія могуць быць рызыкі.

— Само знаходжанне ў паліклініцы ў хваравітым стане не дадае станоўчых эмоцый. Да таго ж можна атрымаць дадатковую дозу віруснай нагрузкі. Таму павялічваецца нагрузка на лекараў, якія працуюць на выкліках.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі