Шасцімесячнае дзіця памерла ў Нясвіжы ад няяснай хваробы

Шасцімесячнае дзіця памерла ў Нясвіжы ад няяснай хваробы

У Нясвіжы шасцімесячны Арцём Грыцкевіч памёр ад няяснай пакуль хваробы, піша nn.by.

Сям'я Грыцкевічаў жыве ў Снове — узорным аграгарадку ў Нясвіжскім раёне. Па словах маці, увечары 3 студзеня яе сыну стала кепска: паднялася тэмпература. На наступны дзень яна панесла сына да доктаркі — тая сказала, быццам у дзіцяці рэжуцца кутнія зубы. Па словах маці, тэрапеўт не прызначала аналізаў, а выпісала рэцэпт на парацэтамол за 2 рублі. 

Аданк дзіцяці станавілася горш, таму пасля абеду маці выклікала хуткую. Лекар хуткай вырашыў шпіталізаваць дзіця з падазрэннем на пнеўманію.

"У машыне дзіця ўжо пачало трохі ўсміхацца, гуляцца з тымі кропельніцамі, што былі ў салоне, кісларод яму далі. Доктар быў упэўнены, што дзіця адпусцяць дадому на наступны дзень", — распавядае жанчына.

У лякарні, па словах жанчыны, дактары працавалі вельмі марудна і нічога не казалі ёй, якія вынікі аналізаў. Потым маці нечакана паведамілі, быццам у яе сына лейкемія. 

"У выніку доктар выйшаў з рэанімацыі і сказаў чакаць — маўляў, яны выклікалі дактароў з Салігорска. Чаму з Салігорска? Бо там адзіная дзіцячая рэанімацыя на некалькі раёнаў. Калі камусьці ў Слуцку кепска, напрыклад, то яны туды, а потым назад. Калі выклікалі той рэанімабіль, здаецца, яшчэ не было 23 гадзін, а прыехаў ён з Салігорску ў тры ночы!" — жанчына не хавае эмоцыяў. 

Каля паўгадзіны салігорскія медыкі знаходзіліся ў лякарні. Потым дзіця забралі ў Салігорск і параілі зранку ехаць бацькам у Мінск, бо дзіця, хутчэй за ўсё, павязуць у мінскую анкалогію. 

У 6.15 раніцы, калі бацькі выправіліся ў Салігорск, каб разам з сынам ехаць у Мінск, ім затэлефанавалі з хуткай і паведамілі, што сын памёр.

У даведцы аб смерці прычынай значыцца "прыроджаная інфекцыйная ці паразітарная хвароба, недакладна".

"Ніякіх прыроджаных хваробаў у нас не было — з раддома выпісалі з жаўтушкай. Адзінае, што ў мяне перад родамі быў трохі паніжаны гемаглабін, і ў яго, адпаведна. Зрэшты, калі я нараджала, то там яшчэ тая гісторыя была — 8 вонкавых швоў і 3 унутраных. Словам, сын мой з болем даўся, з болем і забралі", — плача Алена.

Як піша nn.by, тэрапеўт, якая вылучыла першапачатковую версію пра зубы, узяла на рабоце тэрміновы адпачынак. Яна ўжо знаходзіцца не ў Снове, а ў сваякоў у Маскве. 

Шасцімесячнае дзіця памерла ў Нясвіжы ад няяснай хваробы

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі