Вы тут

СБ: Каментары пад артыкуламі TUT.by праплачаныя +Адказ рэдакцыі

Ілюстрацыя: erictippetts.com

На сайце sb.by выйшаў тэкст пра тое, як "маніпулююць людзьмі" каментатары на беларускіх форумах. Аўтар сумняецца ў шчырасці каментатараў пад артыкуламі партала TUT.by пра гімназіста Даната Скакуна, якога суд прызнаў вінаватым у нападзе на настаўніцу рускай мовы і літаратуры. Аналіз з дапамогай праграмы Datacol прыводзіць яго да высновы, што "дзясятак карыстальнікаў спрабуюць стварыць уражанне, быццам прысудам Скакуну незадаволеныя тысячы людзей":

"Не буду галаслоўны — вось статыстыка. Матэрыял пра прысуд гімназысту — 9.654 каментара. Пры гэтым — увага! — 7.693 напісалі ўсяго 10 карыстальнікаў! 80 адсоткаў! Самыя актыўныя — oks_1964, sonya121071, Vera_Komarova. У кожнага з іх — за тысячу паведамленняў!

А вось давайце разбярэм матерыял пра выплату кампенсацыі. На форуме 7.929 паведамленняў. З іх 85% — 6.762 — таксама на рахунку ўсяго дзесяці чалавек. Аналагічныя сітуацыі выявіліся і па іншых падобных навінах".

Юрый Зісер: Тролі ёсць, але нельга ўсіх нязгодных з лініяй партыі лічыць тролямі

На публікацыю адрэагаваў заснавальнік TUT.by Юрый Зісер. Ён заўважыў, што інтэрнэт-форумы сапраўды не адлюстроўваюць сапраўдных суадносінаў меркаванняў у грамадстве, але ўсё не так дрэнна. "Да таго ж, на іх [форумах] сапраўды ёсць тролі (пад артыкуламі пра Расію — ольгінскія, пад артыкуламі пра беларускіх чыноўніках — нашы). Аднак нельга ж ўсіх нязгодных з лініяй партыі (ці уласным меркаваннем аўтара артыкула) лічыць праплачанымі тролямі".

Таксама Зісер цытуе Вольгу Сыцько — кіраўніцу сайта Talks.by, на якім абмяркоўваюцца артыкулы TUT.by: "СБ зрабіла аналітыку каментавання асобных артыкулаў на нашых форумах Talks.by. Вынік яны лічаць сапраўдным — нібыта апрацоўвалі праграмай, высновы зрабілі самі.

Штука ў тым , што двух з трох нібыта аплачаных каментатараў я ведаю асабіста і гатовая падпісацца, што яны шчыра пішуць тое, што думаюць. СБ, вашыя высновы смехатворныя. Навошта вы бярэцеся аналізаваць дадзеныя ў галіне, у якой нічога не разумееце? У наступны раз паклічце мяне".