"Санкцыі працуюць, проста мы не ведаем": "схемы" не дапамогуць пазбегнуць страт

Фінансавыя санкцыі азначаюць прапушчаныя магчымасці / pexels.com, Karolina Grabowska
Фінансавыя санкцыі азначаюць прапушчаныя магчымасці / pexels.com, Karolina Grabowska

Праз тое, што эфект ад некаторых санкцый пакуль можна схаваць, а іншыя азначаюць не непасрэдныя страты, а страчаныя магчымасці, можа здацца, што санкцыі не працуюць. ЗША, напрыклад, увялі санкцыі супраць дзяржпрадпрыемстваў яшчэ ў пачатку чэрвеня, а беларускі знешні гандаль паказвае найлепшыя вынікі з 2012 года.

Аднак санкцыі заходніх краін не такія ўжо бязбольныя.

Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, што не так з санкцыямі, чаму схемы для абыходу ёсць, але гэта не панацэя. А заадно расклала "пакеты" па кірунках санкцый і іх наступстваў.
 

Яскравы прыклад работы санкцый ужо ёсць

“Санкции работают, просто мы не знаем”: избежать потерь не помогут даже “схемы”
Кітайскія партнёры спынілі крэдытаванне будоўлі Нежынскага ГУК / minskpromstroy.by

Эканамічныя санкцыі супраць Беларусі можна падзяліць на тры напрамкі: фінансавая сфера, экспарт прадукцыі, імпарт тэхналогій. Такую класіфікацыю даў першы намеснік прэм'ер-міністра Мікалай Снапкоў. На думку акадэмічнай дырэктаркі BEROC Кацярыны Барнуковай, яна цалкам прыдатная.

Калі не ўсе санкцыі ўступілі ў дзеянне на поўную моц, то фінансавыя якраз працуюць.

— Беларускія банкі ўжо страцілі доступ да знешняга фінансавання. Яно моцна абмежаванае і для Мінфіна. Той жа Снапкоў казаў пра тое, што санкцыі ЗША моцна абцяжарваюць выпуск новага доўгу ў выглядзе аблігацый. Прычым гэта цяжкасць можа быць нават унутры краіны, хоць не вельмі зразумела, будзе гэта працаваць ці не, — кажа Кацярына Барнукова.

Фінансавыя санкцыі — гэта не непасрэдная шкода. Напрыклад, нічога ўжо не зрабіць з беларускімі аблігацыямі, якія выпушчаны ў Еўропе ў 2020 годзе. Затое гэта страчаныя магчымасці, адзначае экспертка. Таму такія санкцыі не самыя прыкметныя. Аднак як мінімум адзін яскравы прыклад дзеяння санкцый ёсць.

“Санкции работают, просто мы не знаем”: избежать потерь не помогут даже “схемы”
"Беларуснафта" не зможа прадаваць сыравіну ў Германію / neftok.ru

З забаронай на куплю беларускай прадукцыі ўжо складаней, чым з фінансавымі санкцыямі. Перш за ўсё, забарона на экспарт адлюстравана сектаральнымі санкцыямі Еўрасаюза з чацвёртага пакета. Гэтыя захады выглядаюць сур'ёзней за ўсё, але яны адкладзенага дзеяння.

— Яны не датычацца старых кантрактаў. Нават адносна кароткія кантракты на пастаўкі нафтапрадуктаў заключаюцца на паўгода-год. Таму пакуль эфекту мы не бачым. Хоць дзяржава на ўсялякі выпадак схавала статыстыку па гэтых пазіцыях [угнаенні, энергетыка. — Еўрарадыё], каб убачыць гэты эфект было яшчэ і складаней, — працягвае Кацярына Барнукова.

Зразумець, як ідуць справы з пастаўкамі камплектуючых на беларускія прадпрыемствы, складаней за ўсё.

— Думаю, гэтыя санкцыі ўжо працуюць. Проста мы пра іх не даведваемся. Вядома, па многіх пазіцыях можна знайсці нейкую замену. Але замена заўсёды або даражэйшая, або горшая па якасці, або і тое, і другое. Ёсць праблемы, пра якія мы проста не ведаем і ацаніць не можам. Але гэта не значыць, што санкцыі не працуюць.
 

Расійскі "схематоз" гатовы падставіць плячо

У санкцыях шмат дзірак, упэўнены эканаміст Яраслаў Раманчук. Напрыклад, не ўсе калійныя ўгнаенні з Беларусі забаронена купляць у Еўропе. Акрамя таго, заўсёды можна звярнуцца па дапамогу "сябра".

— Памятаеце, у 2010 годзе, калі быў скандал з растваральнікамі і разбаўляльнікамі? Калі творчы падыход да дакументаў на тавары, можна купіць памежнікаў, мытнікаў і чыноўнікаў, то гэта вельмі лёгка абыходзіцца. Робяцца фірмы-пракладкі, мяняюцца юрыдычныя асобы, уводзяцца афшорныя расійскія структуры. Тавары адны, а ў рэальнасці іншыя, — адзначае эксперт.

Чакаецца, што ў 2022 годзе наступствы сектаральных санкцый будуць нашмат больш адчувальныя. Пытанне толькі, у якой ступені.

“Санкции работают, просто мы не знаем”: избежать потерь не помогут даже “схемы”
Санкцыі супраць "Беларуськалія" адны з самых балючых і спрэчных / Еўрарадыё

Аднак наконт "схематозу" ў суразмоўніцы меркаванне іншае: ён не можа вырашыць усіх праблем. Акрамя таго, усё роўна для беларускага боку будуць страты, бо працаваць па схемах даражэй, чым гандляваць наўпрост.

— Заўсёды магчыма выбудаваць схему, якая не адразу адкрыецца, але гэта будзе даражэй, складаней, і незразумела, ці варта. Можа, што датычыцца нафтапрадуктаў, лепш прадаваць ва Украіну. Або на расійскі рынак, які хай не такі прыбытковы, але менш рызык, менш выдаткаў на абыход санкцый, — кажа Кацярына Барнукова.

З каліем таксама не ўсё проста. Асноўныя пакупнікі — Кітай, Індыя і Бразілія. Ім усё роўна, якая ўлада ў Беларусі.

— Расія наўрад ці зможа забяспечыць лагістыку для тых аб'ёмаў калію, якія мы пастаўляем. Гэта ўсё-ткі не некалькі кантэйнераў у год. І незразумела, наколькі расійская чыгунка і расійскія парты гатовыя гэтыя аб'ёмы перавозіць, перавальваць і гэтак далей. Адказу мы не ведаем, але мне здаецца, што тут не ўсё так лёгка і вырашаецца проста схематозам.

Тым больш латаць дзіркі заходнія краіны ўсё ж спрабуюць. Напрыклад, беларускія ўлады спрабавалі выратаваць "Беларуснафту" ад санкцый ЗША і вывелі яе з канцэрна "Белнафтахім". У пятым пакеце санкцый ЕС апынулася ўжо сама "Беларуснафта", а ЗША, Вялікабрытанія і Канада падтрымалі меры ЕС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі