Чым яшчэ можна было б паўплываць на рэжымы Расіі і Беларусі, калі не санкцыямі?
“Мы ведаем, што ўсё залежыць ад таго, калі і як Украіна выйграе вайну, — працягвае Яраслаў Раманчук. — Таму сёння санкцыі — санкцыямі. Безумоўна, гэта пытанне маральнае. Мо, трэба больш дыпламтычна размаўляць з тымі краінамі, якія, напрыклад, як Турцыя, тыя санкцыі ігнаруюць? Але мы ж ведаем, што пакуль ніякіх інструментаў уплыву на Турцыю, Індыю, Кітай у Еўрасаюза няма. Нават калі ён іх і меў бы, дык не стаў бы выкарыстоўваць. Таму ўсім светам, на ўсіх пляцоўках трэба крычаць і патрабаваць: “Дайце хутчэй Украіне зброю, каб Украіна выйграла гэтую вайну!”
Калі будзе параза Крамля, тады пачнуцца сапраўдныя перамены. Калі Лукашэнка будзе бачыць, што Украіна выйграе ў вайне, вось тады яго гэта прымусіць да перамоваў і кампрамісаў хутчэй, чым нейкія санкцыі. Бо мы бачым, што ў 2022 годзе асноўныя таварныя пазіцыі Беларусі — угнаенні і нафтапрадукты. Няма еўрапейскага рынку, няма украінскага, але эканоміка не так і ўпала, бо зноў Расія мае нейкія рэсурсы і выкарыстоўвае іх таксама праз Беларусь”.
Ці ёсць нешта прынцыпова новае ў санкцыях, якія Захад збіраецца ўвесці супраць Беларусі? На думку эканаміста, нічога прынцыпова новага тут тэарэтычна нельга прапанаваць.
“Калі б Беларусь і Расія былі б на нейкім востраве, тады б можна было б зрабіць ваенную блакаду, каб нічога туды не прапускаць. Пры сітуацыі, калі ёсць кантрабандныя пастаўкі, шмат людзей, якія могуць сабе дазволіць без сцягоў, пад іншымі дакументамі вывозіць падсанкцыйныя тавары, ўсё гэта працуе супраць фармальных санкцый”.